У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

intex-press.by
19 мая 2009, 13:38
Анатоль Савосік – сапраўдны рабінзон. Жыве на маляўнічым хутары за рэчкай каля в. Яжоны, ваколіцы аб’язджае на чаўне і спажывае толькі крынічную ваду.

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

У адрозненні ад знакамітага героя рамана Дэфо, на панадворку Анатоля ходзяць не козы, а самавіты певень французскай пароды з трыма шпорамі на кожнай назе, тутсама шныпараць з тузін трусоў – ад малога да вялікага. А часам у госці заходзіць дзікая кабаніха з дзеткамі. У іх з Анатолем – даўняе знаёмства…

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

Цяпер Анатоль працуе на чыгунцы, а тры гады таму быў лесніком. Тады і знайшоў свінку Тосю. Ішоў па лесе, ўбачыў нямоглага звярка і вырашыў узяць і выгадаваць.

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

"Увесну пратручаную кукурузу прасяваюць на палях – вось яна, відаць, і атруцілася, – распавядае Анатоль. – Яна была тады зусім малая, можа і месяца не было. Нават соскі не хацела браць, даводзілася спачатку клізмаю карміць. Крычала, але хутка малако ёй спадабалася. Праз тыдні два ўжо сама пачала яго піць".

Пасля гаспадар пачаў даваць ёй нават яйкі, дзятва прыносіла ракаўкі з рэчкі. Даводзілася браць і адкіды ў дзіцячым летніку.

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

Пайсці і вярнуцца

Калі Тося падрасла, пачала бегаць у лес. Дзень-два пабегае – і абавязкова вяртаецца. Летась у жніўні Тося пайшла і не вярнулася.

"Яе два з паловай месяцы не было – я ўжо думаў, што недзе паляўнічыя застрэлілі, – прыгадвае Анатоль. – Але ў кастрычніку Тося прыбегла. Я зразумеў, што яна цяжарная, калі заўважыў, як у яе падрыгвае жывот. Тады давялося прыкрыць яе ў загоне і ўжо не выпускаць. У той час акурат паляванне пачалося…"

Так, была ў Анатоля адна знаёмая дзікая кабаніха, а ў снежні сталася шэсць.

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

Лысы глядзіць тэлевізар

Бясспрэчны ўлюбёнец Анатоля – Лысы (каб пазнаваць яго сярод астатніх, Анатоль выстрыг яму чупрыну). Лысы – самае лагоднае, рахманае і дураслівае малое Тосі. І дрэсуры паддаецца: заскочыць на вялікі валун і просіць есці. Колькі разоў, кажа Анатоль, забягаў ў хату, станавіўся на заднія ногі перад тэлевізарам і глядзеў сюжэты. Здаралася, нават спаў з гаспадаром на канапе: Анатоль засне, пакіне дзверы ў хату адчыненыя, Лысы забяжыць – і туды, да яго.

Як пасля такіх неспадзяванак не вылучыць малое сярод астатніх! Таму, кожны найсмачнейшы кавалачак – Лысаму.

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

Проста цікава!

Без падтрымкі жонкі і сына, якія шмат дапамагаюць па гаспадарцы, было б не абысціся, дарма што рабінзону яшчэ толькі 43 гады.

Цяпер Анатоль сур’ёзна падумвае займацца агратурызмам: балазе людзям ёсць што паказаць. Адных шпакоўняў вакол сядзібы Анатоля – больш за сотню. І жыве ў іх самае рознае птаства. Аднаго разу нават гогаль пасяліўся. Узгадвае Анатоль, як прыехала да яго аднаго разу вяселле з вёскі. Дык усе пабеглі са свінкамі фатаграфавацца, нават пра нявесту забыліся.

У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)

"Адзін чыноўнік неяк у мяне ўсё дапытваўся, маўляў, скажы якую ты карысць маеш з гэтых свіней, – смяецца Анатоль. – Усё не верыў, што я так проста іх трымаю. А мне цікава і ўсё!"

фота Алеся Гізуна і Людмілы Пракопавай
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиБез галстука ❯ У Баранавічах з'явіўся свой Рабінзон (фото)