Закладнікаў атракцыёна абвінавацілі ў злоўжыванні півам

"Еўрарадыё"
16 июня 2009, 10:32
На выходных у мінскім парку адпачынку атракцыён "Sky Master" не спыняўся цягам 15 хвілін. Тыя, каму "пашчасціла" на ім пакатацца, адчулі напраўду касмічныя нагрузкі.

На суботні вечар 13 чэрвеня ў "Дрымлэндзе" быў запланаваны рок-канцэрт, наведвальнікі якога маглі бясплатна пракаціцца на любых атракцыёнах. 10 "шчасліўчыкаў", што абралі атракцыён "Sky Master" ці, як яго называюць у народзе, "Малаткі", і не ведалі, што замест 3-х хвілінаў іх будуць круціць значна даўжэй.

Адзін з наведвальнікаў парку Сяргей распавядае пра свае ўражанні:

Сяргей: "У правілах напісана, што атракцыён павінен працаваць 2,5 хвіліны. Раней, калі я на ім катаўся, ён рабіў толькі тры абарачэнні. А тут, невядома чаму, хлопец, які катае, круціў нас хвілін 12-15. Спачатку было цікава, але на 5 хвіліну стала зусім дрэнна. Мне пасля 2 дні было млосна і балела галава".

Ганне, адной з пацярпелых дзяўчын, прыйшлося выклікаць "хуткую". Яна кажа, што млоснасць пасля гэтага не адпускала каля 2-х сутак.

Ганна: "Гэта была жахлівая сітуацыя, калі ты вісіш і не можаш нічога зрабіць. Мяне ванітавала каля 2-х сутак. Нават "хуткую" выклікалі".

Усяго на пятнаццаціхвілінны рэйс патрапілі каля дзесяці чалавек. Адзін з іх апынуўся супрацоўнікам хуткай дапамогі. Ягор, так яго імя, выказаў меркаванне, што перагрузкі, якія яны адчулі на сабе, параўнальныя з тымі, якія выпрабоўваюць касманаўты.

Ягор: "На такіх атракцыёнах перагрузкі складаюць 1,5-2g. 3g — гэта ўжо касмічныя перагрузкі. Напрыклад, гоншчыкі "Формулы 1" пераносяць такія. У не трэніраванага чалавека яны могуць выклікаць ускладненні аж да лопання барабанных перапонак, поўнага парушэння каардынацыі рухаў, ванітаў, галавакружэння".

Калі атракцыён усё ж такі спынілі і частка пацярпелых адванітавала, вырашылі пайсці да кіраўніцтва парку — да начальніка Віктара Мацюка, працягвае сваю гісторыю Сяргей.

Сяргей: "Мы адразу ж пайшлі да дырэктара, ён прасіў нас нічога не пісаць. Сказаў, што ўлагодзіць канфлікт, а гэтага хлопца звольніць. І прасіў прабачэння".

Але калі Еўрарадыё патэлефанавала начальніку "Дрымлэнда", каб даведацца ці пакараныя вінаватыя, то пачула ў адказ, што ніякага інцыдэнта не было. А пацярпелыя — не пацярпелыя ўвогуле, а проста выпілі зашмат піва.

Віктар Мацюк: "Я высвятліў сітуацыю. Яны падыходзілі да мяне. Яны, відаць, перапілі. Шмат музыкі было і шмат піва, таму гэта ім падалося. У нас аўтаматыка спрацавала нармалёва. Ніякіх "больш за тры хвіліны" не было. Гэта была памылковая інфармацыя. Яны пілі наўпрост шмат піва. Я быў сведкам. Можа, няякаснае піва было. Калі жадаюць разбірацца, хай прынясуць доказы, а пакуль — у нас такога інцыдэнта не было ў прынцыпе".

Зараз пацярпелыя збіраюцца пісаць скаргу ў міліцыю.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Закладнікаў атракцыёна абвінавацілі ў злоўжыванні півам