Tonqixod. Музыка для багатых і адважных (прэзэнтацыя сынглу!)

Tuzin.fm
13 июня 2014, 13:47
Гурт Tonqixod прадстаўляе на Tuzin.fm сынгл "Вясельле", у якім тлумачыцца як найлепей павіншаваць маладых і што падарыць на дзень вясельля.

"Вясельле" – другая запісаная песьня Tonqixod, якая папярэднічае выхаду дэбютнага альбому гурта. Першы сынгл "Насыпаць горы" быў прэзэнтаваны пры канцы мінулага году і атрымаў станоўчыя водгукі ад слухачоў, перамог у чарце на Tuzin.fm, вакол песьні нават скандал адбыўся. Рэліз новай кампазыцыі музыкі невыпадкова прызначылі на чэрвень. "Напярэдадні лета, гарачай вясельнай пары, калі многія пары ў Беларусі бяруць шлюб, мы вырашылі падарыць слухачам адпаведную сьвяточную кампазыцыю. Мяне асабіста неаднойчы запрашалі на вясельлі і гэта заўсёды вялікае пытаньне, як жа правільна павіншаваць маладых, колькі падарыць. Гэтая песьня – спроба адказу", – кажа вакаліст каманды Ўладзь Лянкевіч. Ён не хавае таго, што сынгл выглядае на даволі кан'юнктурны: "Я спадзяюся, што нароўні зь іншымі народнымі вясельнымі гітамі наша песьня трапіць у абавязковы плэй-ліст кожнага айчыннага тамады".

Tonqixod. Музыка для багатых і адважных (прэзэнтацыя сынглу!)

Кампазыцыя запісвалася разам з гукарэжысэрам Паўлам Някрасавым і самастойна, а зводзіў яе Канстанцін Пыжоў. Клявішнік і вакаліст Tonqixod Максім Субач так характаразуе новы твор: "Збольшага твор выкананы ў забаўляльна-таямнічым ключы. Яго пачатак наводзіць на думку, што гэта звычайны вясёленькі рок-н-рол... Але раптоўна пачынаецца псыхадэлічная зацягнутая сярэдзіна. У ёй мы спрабуем пераскочыць з экспрэсыўнага настрою на таямнічы, нават трохі насьцярожанны. Розныя інструмэнты нечакана зьяўляюцца і зьнікаюць, то супакойваюць, то раздражняюць сваім гучаньнем. Герой аповеду разважна расказвае пра свае неадназначныя дзеяньні, атмасфэра паступова накаляецца, пакуль не становіцца ясна, што... Ну а далей слухайце самі". Макс кажа, што неаднаразова сутыкаўся зь меркаваньнем, што пад гурт Tonqiхod не патанчыш і выказвае катэгарычную нязгоду з гэтай нагоды: "Я маю схему танцавальных дзеяньняў для гэтай песьні: спачатку вы актыўна бьецеся ў канвульсіях, потым адпачываеце, заплюшчваеце вочы і, пагойдваючыся, водзіце вакол сябе рукамі, а потым зноўку актыўна скочыце, толькі яшчэ ў большай эйфарыі, чым на пачатку".

Бубнач Андрэй Аляксеенка дадае: "Гэтая песьня добра адлюстроўвае тую нітку, што аб’ядноўвае наш гурт. То бок хачу сказаць, што чалавек, якому не падабаецца «Песьня пра вясельле» – ня можа граць у Тонкіходзе".

Дарэчы, гурт Tonqiхod гатовы на поўным сур’ёзе сыграць на сапраўдным вясельлі, калі паўстане такая патрэба. "Наш гурт выконвае музыку для багатых і адважных. Суправаджэньне ўрачыстых цырымоній – гэта цалкам нашая дзялянка, так што мы заўжды гатовыя", – кажа Ўладзь.

Дэбютны альбом Tonqiхod мяркуе выдаць увосень. Таксама гурт рыхтуе сваё бачаньне аднаго з шэдэўраў ансамблю "Песьняры" для праекту "Re:Песьняры".

Бліжэйшы канцэрт гурта ў Менску – 19 чэрвеня ў клюбе TNT.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Tonqixod. Музыка для багатых і адважных (прэзэнтацыя сынглу!)