Ва “Ўсходнім партнэрстве“ павінна быць дэмакратычная Беларусь


16 марта 2009, 12:49
Заява Сойму Партыі БНФ ВА “ЎСХОДНІМ ПАРТНЭРСТВЕ” ПАВІННА БЫЦЬ ДЭМАКРАТЫЧНАЯ БЕЛАРУСЬ


Партыя БНФ прынцыпова выступае за ўдзел Беларусі ў праграме ЭЗ "Усходняе партнэрства". Але ён будзе мець вынік толькі пры дэмакратызацыі краіны. Таму пасьля прыняцьця прынцыповага палітычнага рашэньня ўдзел цяперашняга рэжыму у канкрэтных праграмах "Усходняга партнэрства" павінен быць адкладзены. Сёньня, калі ўлада зацікаўленая ў эўрапейскай падтрымцы, немагчыма адчыняць ёй дзьверы без вызваленьня ўсіх палітычных вязьняў, забесьпячэньня свабоды выказваньня і асацыяцыяў, зьменаў у выбарчым ды іншым заканадаўстве, урэшце – правядзеньня свабодных выбараў. Супраца зь Беларусьсю ў рамках праграмы мусіць пашырацца паэтапна і абумоўліваццца канкрэтнымі крокамі дзеля дэмакратызацыі.

Партыя БНФ як незалежніцкая сіла ня бачыць альтэрнатывы інстытуцыянальнаму ўваходу Беларусі ў эўрапейскія і эўраатлянтычныя супольнасьці. Для гэтага неабходна ў першую чаргу аднавіць абавязковыя для эўраатлянтычнага сьвету дэмакратычнае ўладкаваньне дзяржавы, фундамэнтальныя правы й свабоды грамадзянаў, празрыстасьць эканамічных і геапалітычных рашэньняў.

Але цяперашнія паводзіны ўладаў – гэта новыя палітычныя вязьні, брутальныя разгоны мірных акцыяў у Менску, узмацненьне іншых формаў перасьледу актывістаў: незаконны пабор у войска, выгнаньне з працы і вучобы, цкаваньне з боку спэцслужбаў, падатковых органаў, міліцыі ды пракуратуры, дзяржаўнай прапаганды. Такое цкаваньне жудасна ўвасобілася ў самагубстве Яны Паляковай, якую да гэтага ўчынку давяла бесчалавечная сыстэма ўлады.

Усё сказанае сьведчыць, што А.Лукашэнка сёньня ня робіць ані інстытуцыянальных, ані тактычных крокаў дзеля дэмакратызацыі жыцьця ў краіне. А скарачэньне крытэраў ацэнкі руху Беларусі ў кірунку дэмакратыі з 12 да нуля толькі ўмацавала б пачуцьцё беспакаранасьці ў цяперашняй улады і правакавала б новыя палітычныя рэпрэсіі.

Мы лічым маральным, эфэктыўным і магчымым аднаўленьне абмежаваньняў на ўезд у дэмакратычныя краіны для службоўцаў, вінаватых у палітычным перасьледзе грамадзянаў Беларусі.

У геапалітычным пляне цяперашняя ўлада ня толькі ня робіць рэальных захадаў у кірунку эўрапейскіх і эўраатлянтычных структураў, але, наадварот, заключае чарговыя непразрыстыя пагадненьні з Расеяй у вайсковай і эканамічнай галіне. Беларускі народ ня ведае, якія саступкі ў палітычным, ваенным і эканамічным сувэрэнітэце Беларусі паабяцаныя Лукашэнкам узамен за расейскія крэдыты, што чакае Беларусь пасьля аб’яднаньня сыстэмаў СПА і ўваходу краіны ў агрэсіўны ваенны блёк постсавецкіх дыктатураў.

Непрызнаньне "незалежнасьці" акупаваных Расеяй грузінскіх правінцыяў ня можа быць адзіным сьведчаньнем гатоўнасьці ўладаў весьці незалежную ад Масквы палітыку. Ня меншую пагрозу незалежнасьці Беларусі нясуць накіданьне нашай эканоміцы расейскага рубля, вайсковыя пагадненьні з Расеяй, антынацыянальная культурна-моўная, адукацыйная і інфармацыйная палітыка.

Магчымае запрашэньне А.Лукашэнкі ў Прагу было б памылкай Эўрапейскага Зьвязу, якая фактычна падтрымае цяперашні рэжым, не паспрыяе палітычным і эканамічным рэформам, непазьбежна прывядзе да росту рэпрэсіяў, не прадухіліць прарасейскага курсу цяперашняга кіраўніцтва краіны. Улічваючы вышэйзгаданыя меркаваньні й факты, Партыя БНФ выступае супраць запрашэньня А.Лукашэнкі на сустрэчу дзяржаўных лідэраў у Прагу 7 траўня 2009 г.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовости субъектов ❯ Ва “Ўсходнім партнэрстве“ павінна быць дэмакратычная Беларусь