Аб некаторых пытаннях вытворчасці тэкстаў у Рэспубліцы Беларусь (фельетон)

Виктар Марціновіч, Budzma.by
2 октября 2015, 00:15
Да рэдакцыі ПРАС-ТАЙМ з надзейных крыніц трапіў жартоўны праект указа па рэгуляванню вытворніцтва тэкстаў у Беларусі, які хутка будзе прыняты.

Спачатку мне падалося, што праект указа, што прадугледжвае адказнасць за стварэнне фільмаў па сцэнарах, не зацверджаных у Міністэрстве культуры, напісаў сам Андрэй Курэйчык для падтрымкі цікавасці да свайго праекта “ГараШ”. Палажэнні дакумента выглядалі настолькі дзіўна і бязглузда, што паверыць у тое, што нехта мог рыхтаваць яго ўсур’ёз, не выпадала. Але кароткая размова з Андрэем, а таксама пэўныя дэталькі, напрыклад, тое, што ва “ўпраўленні кінавідэамастацтва Мінкульта наяўнасць праекта ўказа не адмаўляюць…”, дазволілі зразумець: усё гэта насамрэч. Ёсць нават матыў для гэтай несусветнай тарабаршчыны: спроба вывесці расійскіх кінавытворцаў з дробных прыватных студый і падпарадкаваць іх “Беларусьфільму” (бо таму, хто здымае пры дзяржаве, пасведчанне непатрэбнае). Відавочна, што Беларусь, у якой пачалі вырашаць праблемы дэфіцыту грошай у нацыянальнага кінавытворцы напісаннем кафкіянскіх па сутнасці дакументаў, патрабуе спачування і ўдзелу кожнага з нас. То я вырашыў дапамагчы сістэме намацаць наступныя крокі на пакручастым шляху вызвалення ад здаровага сэнсу. Трымайце, цалкам задарма:
Аб некаторых пытаннях вытворчасці тэкстаў у Рэспубліцы Беларусь і стымуляванні літаратурнай дзейнасці


Указ
(Праект)

У мэтах падвышэння мастацкай якасці і пераканаўчасці прозы і паэзіі, а таксама дзеля пазбягання безгустоўнасці, мастацкіх паўтораў, увядзення ў творчы абарот няпэўных персанажаў, як і для пазбягання абароту парнаграфіі, распальвання міжканфесійнай варожасці і прапаганды жорсткасці ды гвалту пастанаўляю:


Раздзел першы. Агульныя палажэнні.

1. Вытворчасць мастацкіх тэкстаў юрыдычнымі і фізічнымі асобамі ў Рэспубліцы Беларусь адбываецца пасля атрымання Літаратурнай Ліцэнзіі.

2. Органамі, адказнымі за выдачу Літаратурнай Ліцэнзіі, з’яўляюцца: аддзел культуры і спорту Мінскага гарадскога, абласных і раённых выканкамаў, Саюз ветэранаў, Саюз жанчын, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, аддзел лістоў Адміністрацыі прэзідэнта, Дар’я Домрачава, Палата прадстаўнікоў Нацыянальнага Сходу, Інфармацыйнае агенцтва “БЕЛТА”.

3. Тэрмін дзейнасці Літаратурнай Ліцэнзіі – 12 месяцаў, пасля чаго пісьменнік Рэспублікі Беларусь абавязаны альбо здаць скончаны літаратурны твор у выдавецтва Рэспублікі Беларусь, альбо звярнуцца па новую Ліцэнзію. Здзяйсненне літаратурнай дзейнасці па пратэрмінаваных ці падробленых ліцэнзіях не дапускаецца.

4. Перадаваць атрыманую Літаратурную Ліцэнзію трэцяй асобе ці ствараць літаратурны твор на падставе пазычанай у некага Літаратурнай Ліцэнзіі ёсць правапарушэннем.

5. За выдачу Літаратурнай Ліцэнзіі бярэцца пошліна.


Раздзел другі. Стварэнне літаратурнага твора

6. Стварэнне літаратурнага твора пісьменнікамі Рэспублікі Беларусь адбываецца ў наступным парадку:

- прадумванне фабулы; выбудоўванне сюжэту, пажадана з ярка акрэсленым грамадскім гучаннем;

- абмеркаванне фабулы і сюжэту на паседжанні Творчага саюза, чальцом якога з’яўляецца пісьменнік;

- выпрацоўка сістэмы персанажаў; пажадана, каб у літаратурным творы было не меней за 40% жанчын, адзін міліцыянер (асоба прапісаная станоўча), адзін прадстаўнік выканаўчай вертыкалі, адзін ідэолаг, адзін сябра БРСМ, не меней за двух ветэранаў, адзін спартовец, адзін жыхар вёскі; свінні, куры, кот.

- абмеркаванне персанажаў на паседжанні аддзела культуры і спорту выканкама, атрыманне папярэдняга дазволу на далейшую распрацоўку сінопсіса;

- напісанне сінопсіса ў фармаце Літаратурнага Дзённіка з падрабязным указаннем, хто куды пайшоў, і накідам дыялогаў. Выкарыстанне ненармаванай лексікі ў дыялогах непрымальнае;

- прадстаўленне Літаратурнага Дзённіка на зацверджанне выканкама ці іншага ліцэнзавальнага ведамства;

- атрыманне Літаратурнай Ліцэнзіі на вытворчасць твора ў наступных формах: эпапея, раман, аповесць, апавяданне, нарыс, эсэ.


Раздзел трэці. Выданне і чытанне літаратурнага твора

7. Стварэнне літаратурнага твора без Літаратурнай Ліцэнзіі – злачынства, прадугледжанае артыкулам 233 Крымінальнага кодэкса РБ “Незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць”. Гэтыя дзеянні караюцца арыштам на тэрмін ад трох да шасці месяцаў ці пазбаўленнем волі на тэрмін да трох гадоў. Момантам наступлення адказнасці з’яўляецца крок адзін (прадумванне фабулы; выбудоўванне сюжэту) для буйной літаратурнай формы – раман, эпапея; крок пяць (напісанне сінопсіса) для сярэдняй і малой літаратурнай формы (аповесць, апавяданне, нарыс, эсэ).

8. Грамадзянам Рэспублікі Беларусь прапануецца пільна сачыць за дзейнасцю па пісанні нататак, сінопсісаў, дыялогаў, мастацкіх апісанняў; прадухіляць спробы стварэння тымі, хто не мае Літаратурнай Ліцэнзіі, паэтычных і празаічных фрагментаў на паперы, з дапамогай электронна-вылічальных прыстасаванняў, клавіятуры мабільных тэлефонаў і экранаў тачпадаў – як у публічнай прасторы, так і на прыватным падворку. За несвоечасовае звяртанне ў праваахоўныя органы асоба, што была сведкай спробаў стварэння мастацкіх апісанняў на паперы ці з дапамогай электронна-вылічальных прыстасаванняў, прыцягваецца да адказнасці па артыкуле 406 Крымінальнага кодэкса “Неданясенне аб злачынстве”, у выпадку паўтору – за саўдзельніцтва ў дзеяннях, прадугледжаных артыкулам 233.

9. Выданне літаратурнага твора без Літаратурнай Ліцэнзіі, а таксама гандаль гэтым творам і тым больш спробы спажывання яго ў форме чытання, запамінання, публічнага дэкламавання, перасылкі ці г. зв. “лайкання” ў сацыяльных сетках прыроўніваюцца да артыкула 343 Крымінальнага Кодэксу (распаўсюд парнаграфіі).


Раздзел чацвёрты. Увекавечанне літаратурных твораў і “літаратурная класіка”

10. З мэтай прапаганды здаровага ладу жыцця і канструктыўнай літаратуры ў пяцігадовы тэрмін Літаратурныя Ліцэнзіі павінныя быць выдадзеныя таксама на творы прозы і паэзіі, складзеныя ў гады, што папярэднічалі выхаду Указа. Гандаль творамі “літаратурнай класікі”, што не маюць Літаратурнай Ліцэнзіі забаронены.

11. На творы наступных аўтараў: С. Пясэцкі, В. Быкаў, Н. Арсеннева – Літаратурных Ліцэнзій не даваць у поўным аб’ёме; на творы У. Караткевіча, П. Галавача, У. Дубоўкі, Л. Геніюш Літаратурныя Ліцэнзіі выдаваць абмежавана, пасля праверкі рэпертуару.

12. Прыгадваць у размовах, пераказваць сюжэты, проста памятаць ці добра выказвацца пра персанажаў твораў класікі, якія не маюць Літаратурнай Ліцэнзіі, недапушчальна.
- первое информационное агентство самой недостоверной и непроверенной информации. Относиться к его сообщениям необходимо несерьезно и, по возможности, с юмором.

Агентство готово к сотрудничеству и намерено развивать сеть своих региональных корреспондентов. Для того, чтобы поделиться своей новостью, воспользуйтесь кнопкой "Прислать новость" или просто пишите нам по адресам, указанным в категории "Контакты".

Самые интересные сообщения будут опубликованы на нашей ленте новостей. Ударим юмором по кризису!
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFПрас-тайм ❯ Аб некаторых пытаннях вытворчасці тэкстаў у Рэспубліцы Беларусь (фельетон)