Вольскі прэзентаваў казку пра караля Барахлея (відэа)

www.udf.by
27 января 2010, 19:00
Лявон Вольскі з уласна створанай тэлерадыёкампаніяй "Гамон" прадставіў зробленае за мінулы год – музычны праект "Такога няма нідзе" з яго відэаверсіяй і фільм-спектакль "Аднойчы у Барахляндыі", зняты для навагодняга эфіру тэлеканала "Белсат".

На прэзентацыі праектаў для яго ўдзельнікаў і журналістаў Вольскі адразу ж прызнаўся – мэты вылучыцца арыгінальнасцю ён не ставіў. "Дзіка арыгінальнага тут нічога няма. Праект "Такога няма нідзе" – нават не постмадэрн, гэта стылізацыя пад канкрэтныя ўзоры музыкі такога часу", - сказаў музыка. Ён наўмысна трымаўся поп-стандартаў – дзеля патрэбаў публікі. "Праект планаваўся як сямейны, таму песень пад Doors ці Джоплін там няма". Хоць тэлеверсія праекта была падрыхтаваная яшчэ пры канцы 2008 года, сам дыск у фармаце CD+DVD пабачыў свет толькі летась у снежні. Ужывую на публіку Вольскі і кампанія збіраюцца сыграць песні з "Такога няма нідзе" ў красавіку на вялікай музычнай вечарыне, прысвечанай 60-м гадам.

А вось жывой прэзентацыі другога праекта Вольскага – тэлеспектакля "Аднойчы ў Барахляндыі" пакуль не плануецца. "Гэты фільм з’яўляўся ў эфіры "Белсата" і неаднойчы там будзе паказаны, - кажа прадзюсар праекта Ганна Вольская. – Ужывую прадэманстраваць гэта пакуль нерэальна, але мы думаем, як зрабіць спектакль яшчэ больш даступным для людзей". У прыватнасці, плануецца зрабіць сайт праекта, вядуцца размовы і пра паўнавартасную пастаноўку ў тэатры ўжо на наступныя Каляды.

Паводле сцэнара спектакля, кароль Барахлей XII, які вылучаецца надзвычайнай жорсткасцю да сваіх падначаленых і ахвотай да крэдытаў, надумаў забараніць навагодняе свята. Але жыхары той казачнай краіны дамагліся таго, што іх галоўны лозунг "Свабоду Новаму году" ўвасобіўся ў жыццё.

"Гэты праект Вольскага для мяне куды цікавейшы, чым "Такога няма нідзе", бо там прысутнічае як музычнае, так і драматычная дзея, - кажа выканаўца ролі караля Алег Гарбуз. – І кожная песня тут адпавядае характару персанажа і таму, што адбываецца ў кадры". Акром Алега, ролі ў спектаклі выканалі іншыя акцёры Купалаўскага тэатра – Ганна Хітрык, Святлана Зелянкоўская, Міхась Зуй, а сам Лявон Вольскі зняўся ў эпізадычнай ролі пісара.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиМультимедиаВидео ❯ Вольскі прэзентаваў казку пра караля Барахлея (відэа)