Гурт “Крама“ прэзентуе песню, але не адзначае юбілей

"Тузін гітоў"
13 сентября 2011, 11:34
У СуперТуры на "Тузіне Гітоў" гурт "Крама" прэзентуе песню "Дзякуй богу, мы ідзем дамоў" — першы твор, запісаны пасля выхаду ў 2007 годзе альбома "Усё жыццё дзіўны сон". Лідэр гурта Ігар Варашкевіч кажа, што чуткі пра спыненне дзейнасці "Крамы" моцна перабольшаныя, але сваё 20-годдзе, якое прыпадае на канец году, музыканты адзначаць пэўна не збіраюцца.

За напісанне новых песень Ігар Варашкевіч узяўся адразу пасля выхаду апошняга альбома "Крамы" ў 2007 годзе. За гэты час музыка напісаў каля двух дзясяткаў песень. Меркавалася, што яны ўвойдуць у яго сольны праект Los Bulbos, бо былі стылістычна розныя, а да ўсяго напісаныя на розных мовах. Ігар іх выканаў не толькі па-беларуску, але па-румынску, па-эстонску, па-нямецку, па-венгерску. Праект так і не пабачыў свет, але адну з песень вырашана было зрабіць і для новага "крамаўскага" дыска.

"Як правіла, усе творы ў мяне пачынаюцца з напісання музыкі, — кажа Ігар. — І вось пад прыдуманую музыку прыйшлі да галавы мне словы прыпеву, а Зміцер Лукашук напісаў асноўную частку тэксту. Неаднойчы мы выконвалі яе на сваіх канцэртах і ўрэшце дапрацавалі ў студыі. Мы заўжды так павольна працуем, бо маем высокія патрабаванні".

Цалкам верагодна, што новы альбом "Крамы" мы маглі пачуць ужо сёлета, дыск гатовы практычна на 50%. Тым больш гэта было бы сімвалічна, што пры канцы году гурт спраўляе 20-годдзе дзейнасці. Але, выглядае на тое, што ані альбому, ані святочнага канцэрту з гэтай нагоды ня будзе. Як прызнаецца Ігар, і ён асабіста, і яго каманда "ўвайшлі ў нейкі ступар пасля падзеяў 19 снежня". І лічыць, што за арганізацыю выступу няма чаго і брацца, хоць на выходных яго гурт сыграў у вялікім канцэрце, прысвечаным 20-годдзю аўтамабільнага холдынгу "Атлант-М": "Я летась і 50-годдзе не сьвяткаваў. І 20-годдзе гурта ня будзем адзначаць. Калі рабіць, дык хацелася б усё прыгожа зладзіць. А чаго лезці з сольным канцэртам, калі ты да апошняга не будзеш ведаць: ці дазволяць?" — кажа Ігар.

Тым не менш, "Крама" мае намер працягваць працу ў студыі. І яшчэ неаднойчы парадаваць сваіх прыхільнікаў прэм’ерамі.

Аўдыё "Дзякуй богу, мы ідзем дамоў"
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Гурт “Крама“ прэзентуе песню, але не адзначае юбілей