Куллінковіч патрабуе ад Праляскоўскага тлумачэнняў

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY
14 марта 2011, 17:05
Адчуваецца, што настрой у лідэра Neuro Dubel пасля навіны пра забарону канцэрта паганы, калі не сказаць, што ўпадніцкі.

24 сакавіка мелася адбыцца жывая прэзентацыя трыб’юту гурта, праца над якім вялася больш за тры гады. На той імпрэзе павінны былі выступіць такія гурты, як "Палац", IQ48, "Йо-Йо", ZM99, ZigZag, што падрыхтавалі свае версіі песень Куллінковіча, а самі "дзюбеля" у другім аддзяленні планавалі паказаць новыя творы і сыграць вядомыя хіты. У нядзелю Куллінковіч пісаў у аўтарскую калонку на Naviny.by пра сваё стаўленне да "чорнага" спіса і якраз у гэты момант арганізатар канцэрту Павел Кашырын паведаміў пра тое, што выступ не адбудзецца. Не падпісаны і не зацверджаны "чорны" спіс працягвае дзейнічаць: да гэтага не далі выступіць "Ляпісу Трубяцкому" у Гомелі і Змітру Вайцюшкевічу ў Брэсце. Лідэр Neuro Dubel вырашыў адкрыта звярнуцца да міністра інфармацыі з тым, каб ён даў тлумачэнні з гэтай нагоды ў эфіры аднаго з беларускіх каналаў.

Куллінковіч разважае пра сітуацыю, у якой ізноў апынуліся беларускія рок-музыкі і пра далейшы фармат існавання свайго гурта, а потым кажа: "Не пішы толькі нічога гэтага…". Музыкант вырашыў пакуль не даваць афіцыйных каментароў журналістам: ці тое таму, што сапраўды збіты з тропу такой абсурднасцю, ці тое ў спадзяванні, што ўсё ж пытанне вырашыцца станоўча.

"Канцэрт сапраўды забаронены, але мы вядзем змаганне за тое, каб яго правесці", - кажа арганізатар Павел Кашырын. Ён паспеў пагутарыць з некаторымі чыноўнікамі, але тыя разводзяць рукамі і самі не ведаюць, што рабіць. Ніхто не бярэ на сябе адказнасць - ад стварэння "чорнага" спісу адмаўляюцца і ў Мінгарвыканкаме, і ў Міністэрстве інфармацыі, і ў Міністэрстве культуры, і ў Адміністрацыі прэзідэнта. Ёсьць чуткі, што за негалоснай забаронай можа стаяць першы віцэ-прэм’ер Уладзімір Сямашка.

Рэклама канцэрта пачалася толькі нядаўна, і шмат хто з прыхільнікаў гурта паспеў ужо набыць квіткі. Арганізатары раяць усім гледачам пачакаць да 16 сакавіка, калі дакладна будзе вядома, ці адбудзецца мерапрыемства.

Па неафіцыйнай версіі, уладальніку клуба ў ідэалагічным аддзеле Мінгарвыканкаму параілі знайсці падставу для таго, каб не праводзіць канцэрт гурта Neuro Dubel. Але сам дырэктар клуба "Рэактар" Аляксандр Старцаў афіцыйна гэта не пацвярджае: "Не было такіх размоваў і такіх каманд. Ніхто не можа забараніць канцэрт у нашым клубе. Мерапрыемства можа быць адменена праз слабы продаж квіткоў. У нас з гэтай нагоды адмянілася ўжо пяць канцэртаў за гэты месяц". З яго слоў, квіткі на Neuro Dubel разыходзяцца вельмі марудна, таму і канцэрт апынуўся пад пагрозай адмены. Тлумачэнне не надта дарэчнае з уліку, што да яго пачатку яшчэ 10 дзён і мінулы канцэрт на гэтай жа пляцоўцы адбыўся з аншлагам.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Куллінковіч патрабуе ад Праляскоўскага тлумачэнняў