“Ляпіс Трубяцкой“ і “Воплі Відаплясава“ выступяць на фэсце Be Free

www.udf.by
24 июля 2009, 10:28
Арганізатары фестывалю Be Free пераканалі мэрыю Чарнігава ў тым, што варта падтрымаць беларускі рок. 22 і 23 жніўня ў гэтым украінскім горадзе пройдзе трэці фэст пад назвай Be Free, адна з мэтаў якога - распавесці пра правы чалавека ў Беларусі.

Be Free задумваўся як транспамежная культурная акцыя ў час негалоснай забароны ў Беларусі на творчасць шэрагу рок-гуртоў. Ідэю фэсту беларускія ўлады ўспрынялі па-свойму. Два гады таму аўтобусы з гледачамі, якія рухаліся да месца канцэртаў у Луцк, міліцыя затрымала яшчэ пад Мінскам і пры дапамозе спецназаўцаў суправадзіла назад, перапісаўшы дадзеныя ўсіх пасажыраў. Беларускіх музыкантаў тады доўга не хацелі адпускаць на ўкраінскі бок, пратрымаўшы на мяжы каля шасці гадзінаў.

Цяпер забароны нібы знятыя, але арганізатары Be Free пэўныя, што аніякай творчай свабоды ў Беларусі не з’явілася.

"Зладзіць беларускі фестываль ва Украіне нашмат прасцей, чым уласна ў Беларусі, дзе патрэбны цэлы штат супрацоўнікаў на збор неабходных дазволаў і ўзгадненняў", - сказала www.udf.by адна з арганізатараў Be Free Марыя Садоўская.

Музыкант Вячаслаў Корань, які таксама ўдзельнічае ў арганізацыі фестывалю, дадае:

- Ці шмат такіх краінаў, дзе на выступ гурта ў клубе ці пабе трэба браць асобны дазвол і ліцэнзію? Пакуль што Украіна - гэта добры прыклад таго, наколькі свабодней магло б быць канцэртнае жыццё ў Беларусі. Cумняюся, што ў Парку Горкага мы маглі б зладзіць такі ж канцэрт з такім жа мінімумам фармальных узгадненняў.

Акром усяго, на Be Free-2009 плануецца немузычная частка фестывалю, прысвечаная правам чалавека ў Беларусі. Гэтую ініцыятыву падтрымаў Грамадзянскі цэнтр па правах чалавека ў Чарнігаве.

- Гэта не будзе праходзіць у фармаце канферэнцыі ці круглага стала з загадзя узгодненай праграмай, хутчэй гэтую частку нашай акцыі можна назваць сустрэчай для абмену ідэямі, - кажа Марыя Садоўская.

Ужо дакладна вядома, што беларускі фестываль будзе праходзіць пад патранатам гарадскіх уладаў. У панядзелак арганізатары Be Free-2009 бяруць удзел у паседжанні гарадской рады Чарнігава, дзе будуць абмеркаваныя асноўныя пытанні па арганізацыі фестывалю.

Раней Be Free праходзіў у Луцку і Львове. Адна з мэтаў такога вандравання па суседняй краіне – паказаць беларускія гурты як мага большай колькасці ўкраінскай публікі. Сярод хэдлайнераў гэтага году будуць гурты "Ляпіс Трубяцкой" і "Воплі Відаплясава".

Сяргей Нятрэба
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ “Ляпіс Трубяцкой“ і “Воплі Відаплясава“ выступяць на фэсце Be Free