Разумнае, добрае, вечнае ў новым кліпе Вайцюшкевіча

Натальля Стрыжак, Tuzin.fm
28 августа 2014, 12:42
Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе на Tuzin.fm кліп на песьню «Дачакайся, матуля» у дзень нараджэньня Генадзя Бураўкіна.

Зьміцер Вайцюшкевіч прадстаўляе на Tuzin.fm свой першы афіцыйны відэакліп, створаны ва ўмовах забароны, кліп – прысьвячэньне ўсім беларускім матулям. Сьпявак планаваў зняць відэа на "больш папсовую песьню". Сярод варыянтаў былі песьні з шансон-праграмы "Ты залаты" і "Бадзягі", але пасьля навіны пра сьмерць паэта Генадзя Мікалаевіча Бураўкіна, якому належаць словы песьні "Дачакайся, матуля", Зьміцер вырашыў, што трэба здымаць кліп менавіта да гэтай кампазыцыі.

Сюжэт кліпу цесна зьвязаны з эпізодам жыцьця Зьміцера. "У свой час, у 1986 годзе, я пакінуў матулю, калі паехаў вучыцца, як і галоўны герой песьні. Гэта гісторыя пра нашы недамоўленыя моманты ў адносінах з бацькамі. Вельмі часта нам здаецца, што бацькі будуць жыць вечна і ў нас шмат часу на тое, каб пасьпець ім усё сказаць, папрасіць прабачэньня… Гэтая песьня – своеасаблівая споведзь, зварот да самых блізкіх і родных нам людзей".

У кліпе ролю хлопчыка, як бы Вайцюшкевіча ў дзяцінстве, грае Міша Панцелееў. Галоўную ролю сыграў сам сьпявак. Ён кажа, што ў кліпе ёсьць моманты, якія сапраўды кранаюць: "У нас не было шмат рэсурсаў, на тое, каб неяк пашырыць ці паглыбіць гісторыю. Тут няма дарагіх дэкарацый, асноўная ўвага сканцэнтравана на пачуцьцях, на ўнутраным вобразе". Здымкі адбываліся ў лясах пад Ракавым ды ў студыі «Куб». Кіраваў працэсам рэжысэр Расьціслаў Смольскі, ён жа займаўся мантажом. Апэратарамі былі Сяргей Бондараў і Аляксандр Бондараў.

Музычныя відэа Вайцюшкевічу здымалі і раней, але сам выканаўца лічыць менавіта гэтую працу сваім першым рэальным кліпам. Музыка адзначыў, што яму давялося працаваць з прыемнымі людзьмі і прафэсыйнай тэхнічнай камандай: "Мы асабліва не замарочваліся і кіраваліся прынцыпам: лепш не дарабіць, чым перарабіць. Я спадзяюся, што гэта не апошні кліп. Думаю, прынамсі раз на год варта нешта здымаць", – падкрэсьліў Зьміцер. Выканаўца разумее, што яго працу пабачыць толькі аўдыторыя Tuzin.fm, тэлеканалу "Белсат" ды іншых незалежных пляцовак, а на беларускай дзяржаўнай тэлевізіі на яго ня зьвернуць увагу, але з гэтай нагоды не сумуе: "Самае галоўнае, што гэта песьня – вечная, дзякуй за гэта Генадзю Мікалаевічу!".


Зьміцер Вайцюшкевіч – Дачакайся, матуля (рэжысэр Расьціслаў Смольскі). Зьмяшчаецца са згоды выканаўцы.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Разумнае, добрае, вечнае ў новым кліпе Вайцюшкевіча