Чарнобыльскіх дзяцей не пусьцілі ў Швэйцарыю

"Радыё Свабода"
5 мая 2009, 11:01
Гарантыяў іх вяртаньня аказалася замала. Пакрыўджанымі сябе адчуваюць швэйцарскія чарнобыльскія ініцыятывы.

У сераду з Добрушу і навакольных вёсак ў швэйцарскі гарадок Іланц мусіла выехаць група дзесяцігадовых школьнікаў у суправаджэньні настаўніцы пачатковых клясаў і двух перакладчыкаў. На праграму адпачынку швайцарскі бок ахвяраваў вялікія грошы. Былі аплачаныя аўтобусныя рэйсы з Гомельшчыны ў кантон Граўбюндэн і назад, мэдычныя страхоўкі, розныя экскурсіі па Швэйцарыі і гэтак далей. Нарэшце, прадстаўнік партнэрскай чарнобыльскай арганізацыі ў Добрушы адмыслова з’езьдзіў у Варшаву па візы. У апошні момант міністэрства адукацыі Беларусі, якое візуе сьпісы дзяцей , што выязджаюць за мяжу, забараніла паездку. Тым, хто займаўся арганізацыйнымі пытаньнямі гэтай праграмы па лініі Добрушскага РАНА, аб’явілі вымову.

Паводле электроннага выданьня "20 Minuten", беларускія ўлады запатрабавалі ад ўраду Швэйцарскай Канфэдэрацыі пісьмовых гарантыяў вяртаньня дзяцей, а таксама выкананьня шэрагу іншых патрабаваньняў. Яны выкладзеныя ў падрыхтаваным Менскам праекце двухбаковых пагадненьняў аб замежным дзіцячым аздараўленьні. Як паведамілі ў прэсавай службе дэпартамэнту замежных спраў у Бэрне, некаторыя палажэньні праекту, напрыклад, гарантыя аб адмове ў прытулку, супярэчыць нацыянальнаму заканадаўству ў правах чалавека. Зварот Бэрна да Менску дамовіцца на аснове фармальных абавязаньняў посьпеху ня мелі.

Як паведамілі Свабодзе швэйцарскія суразмоўцы, многія жыхары Граўбюндэна ды іншых кантонаў Канфэдэрацыі адчуваюць сябе пакрыўджанымі ў сувязі з падобнымі дзеяньнямі беларускіх уладаў. Яны лічаць, што гэта зусім ня тое, што яны заслужылі ад беларускіх чыноўнікаў у адказ на шчырую дапамогу чарнобыльскім дзецям.

Многія, падобна цюрыхскаму пастару Андрэасу Гёрліху-Коху лічаць, што "беларускія дзеці сталі закладнікамі палітыкі Лукашэнкі, бо знаходзячыся ў Швэйцарыі, яны пачынаюць шмат чаго разумець".

Ёсьць і такія швэйцарцы, якія лічаць, што беларускія дзеці сталі ня толькі закладнікамі Лукашэнкі, але і шматлікіх пешак з мясцовых чарнобыльскіх ініцыятываў. Замест таго, каб "падпісаць зь Менскам гэтыя дурныя гарантыі, арганізатары вырашылі змагацца з Лукашэнкам… Цікавая гісторыя. Але ж чаму за гэта вымушаныя плаціць дзеці?" Падобныя меркаваньні можна прачытаць на форуме сайту "20 Minuten" і шэрагу іншых інтэрнэт-выданьняў.

Вераніка Раўшэнбах
нязгодная з падобнымі прэтэнзіямі:

"На жаль, даводзіцца чуць папрокі: "Вы ў выніку вашай палітызацыі зрабілі ўсё несвоечасова…Гэта ня так. Мы пачалі займацца пытаньнем яшчэ летась, хутка пасьля таго, як Лукашэнка падпісаў свой знакаміты дэкрэт № 555 адносна замежнага аздараўленьня. Нягледзячы на тое, што нашы недзяржаўныя арганізацыі ў сваіх дзеяньнях незалежныя ад дзяржавы, мы ўсё ж зьвярнуліся ў адпаведныя дзяржаўныя структуры з просьбай азнаёміцца з новымі беларускімі дакумэнтамі. Усё гэта вывучалася нашымі законатворцамі ў самых розных парлямэнцкіх камісіях".

Паводле суразмоўцы, вывучэньне ўсіх гэтых дакумэнтаў зь гледзішча адпаведнасьці законам Швэйцарскай Канфэдэрацыі патрабавала шмат часу.

"Высьветлілася, што ў шэрагу выпадкаў такой сумяшчальнасьці няма. Асабліва ў тых момантах, якія тычацца правоў чалавека. Кампрамісны варыянт швэйцарскага боку, на жаль, быў адкінуты беларускімі ўладамі. Але ж у нас дэмакратычная дзяржава, у нас ня можа быць так, каб адзін чалавек вырашаў за ўсю краіну, каб раптам ўзяў ды ўвёў папраўку да таго ці іншага закону", кажа кіраўніца цюрыхскай чарнобыльскай ініцыятывы Вераніка Раўшэнбах.

У сераду, 6 траўня, прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятываў з усёй Швэйцарыі зьбяруцца ў дэпартамэнце замежных спраў у Бэрне. На гэтую сустрэчу з удзелам швэйцарскіх дыпляматаў запрошаныя і прадстаўнікі беларускага пасольства
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиОбщество ❯ Чарнобыльскіх дзяцей не пусьцілі ў Швэйцарыю