Бяз клопату пра аўтэнтычнасьць гістарычнай спадчыны

"Радыё Свабода"
15 апреля 2009, 13:19
Напярэдадні Міжнароднага дня помнікаў і гістарычных мясьцінаў, які будзе адзначацца 18 красавіка, прадстаўнікі Міністэрства культуры рабілі справаздачу пра стан захаваньня гістарычных каштоўнасьцяў на тэрыторыі Беларусі. Між тым, у адрозьненьне ад аптымістычных рапартаў чыноўнікаў, незалежныя экспэрты кажуць пра непасрэдны ўнёсак дзяржаўных установаў у разбурэньне гістарычнай спадчыны па ўсёй краіне.

Міхаіл Жых, галоўны інжынэр прадпрыемства "Мінская спадчына", якое выконвае работы на бальшыні плошчаў у Верхнім горадзе Менску, рэалізацыяй плянаў задаволены і ўжо зазірае ў аддаленую пэрспэктыву:

"Дзяржава прыняла адпаведныя нарматыўна-прававыя акты аб аднаўленьні гістарычнага цэнтру, і ўжо ад 2005 году ідзе мэтанакіраваная праца на адбудову канкрэтных аб’ектаў. Пэўныя крокі ў рэалізацыі гэтай праграмы, якая разьлічана да 2010 году, зробленыя. Увогуле яна мае комплексны характар з мэтадалягічна-квартальным аднаўленьнем. Але, на жаль, калі праграма стваралася, яна не магла ахапіць усё, таму шмат якія пласты, у тым ліку гістарычнага цэнтру, даводзіцца аднаўляць паралельна з рэалізацыяй праграмы. Таксама мы апрацоўваем наступны крок праграмы рэстаўрацыі гораду — да 2015 году. Ужо адбылося першае абмеркаваньне дакумэнту на працоўным паседжаньні ў Савеце міністраў".

А вось стаўленьне незалежных экспэртаў да мэтадаў рэстаўрацыі Верхняга гораду — надзвычай крытычнае. Бальшыня спэцыялістаў зьвяртае ўвагу: будаўніцтва вядзецца безь неабходных археалягічных дасьледаваньняў, а значыць, бясьсьледна зьнікае неацэнны культурны пласт. Апроч таго, як паказвае досьвед, адбываецца не рэстаўрацыя, а зьнішчэньне старых будынкаў, на месцы якіх потым ставяцца навабуды з сучасных матэрыялаў. За апошні час найбольш пацярпелі кварталы вуліц Гандлёвай, Кірылы і Мятода, дзе часткова ці цалкам руйнаваліся рэдкія ацалелыя дамы з 200-гадовай гісторыяй.

Гаворыць гісторык архітэктуры Уладзімер Дзянісаў: "Што тычыцца заяваў, што муроўка была ў вельмі кепскім тэхнічным стане і што фактычна нельга захаваць гэтыя старажытныя муры, дык гэта зусім не адпавядае рэчаіснасьці. І, вядома ж, аб’екты, якія паўстаюць на месцы разбураных камяніц, ніякімі помнікамі назваць нельга. Гэта ўжо ня помнік ХVІІІ стагодзьдзя, а невядома што, пабудаванае ў ХХІ стагодзьдзі. Тое, што робяць цяпер, апраўдаць нічым немагчыма. Гэта найгрубейшае парушэньне закону "Аб ахове гістарычна-культурнай спадчыны", і гэтай справай, вядома, павінна займацца пракуратура – каб прыцягнуць да адказнасьці вінаватых у зьнішчэньні помнікаў. Таму што проста адбываецца зьнішчэньне ўнікальных помнікаў, якіх у нас у Менску і так захавалася вельмі мала".

Між тым, як лічыць старшыня Беларускага камітэту міжнароднай рады помнікаў і мясьцінаў Уладзімер Гілеп, у выпадку з гістарычным цэнтрам Менску даводзіцца казаць, што ўсё ж лепей "сініца ў руках", чым нічога:

"Вядома, у першую чаргу трэба было захоўваць аўтэнтыку. Калі рэстаўратары пайшлі па шляху — нешта прыбраць, нешта аздобіць, то, я думаю, тыя, хто прымалі ўдзел у гэтым, — памыляліся. Але зразумела, што вы знойдзеце дзясятак рэстаўратараў, якія будуць такую неабходнасьць апраўдваць! Зь іншага боку, каб не пасьпяшаліся, то мы маглі б страціць Верхні горад увогуле. Бо быў у нас такі архітэктар Грыгор’еў, які заплянаваў (і яго вельмі многія падтрымлівалі, у тым ліку і гарадзкія ўлады) зьнесьці ўвесь Верхні горад. Таму вымушаныя былі сьпяшацца, можа, нават, і робячы тыя памылкі, якія ёсьць сёньня. Я асабіста дзякую Богу, што мы захавалі Верхні горад. Нават у такім стане".

Даведка

Паводле зьвестак Міністэрства культуры, у Дзяржаўным сьпісе гістарычна-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь, які рэгулярна абнаўляецца ад 2006 году, налічваецца 4877 аб’ектаў. 14 помнікаў маюць статус найвышэйшай катэгорыі. Тры зь іх атрымалі статус сусьветнай спадчыны пад эгідай ЮНЭСКО (Мірскі замак, палац Радзівілаў у Нясьвіжы, геадэзычная дуга Струвэ), іншыя прэтэндуюць на тое, каб трапіць у міжнародныя рэестры. Сярод кандыдатаў — Аўгустоўскі канал, духоўныя цэнтры Полацку, зьвязаныя зь імем сьвятой Эўфрасіньні Полацкай, палацава-паркавы ансамбль у Гомелі, аб’екты драўлянага дойлідзтва Палесься, Берасьцейская крэпасьць ды іншыя.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиОбщество ❯ Бяз клопату пра аўтэнтычнасьць гістарычнай спадчыны