Беларускі рэжысёр зняў кліп улюбёнцам Мадонны

Сяргей Будкін, Тузін Гітоў, для партала навінаў www.UDF.BY
21 июля 2010, 09:40
Рэжысёр Аляксей Церахаў зняў кліп для гурта Gogol Bordello на песню Pala Tute.

Аляксей Церахаў - аўтар самага тытуляванага беларускага кліпа "Капітал" гурта "Ляпіс Трубяцкой". Апошнія два гады ён жыве ў Таронта. "Не бачу ў Беларусі аніякіх перспектываў, бо там усё больш забалочваецца. І балота тое распаўзаецца па ўсёй паверхні. Лічу, што няма розніцы, дзе знаходзіцца фізічна, каб рабіць нешта для сваёй краіны", - так ён патлумачыў свой ад’езд.

Следам за "Капіталам" Церахаў зняў яшчэ адзін паспяховы кліп для "Ляпісаў" – на песню "Огоньки". Зрабіў таксама відэа для італьянцаў Cesare Cremonini, гурта з Беларусі "Без билета" і нават расійскага поп-спевака Дзімы Малікава.

Цягам апошніх двух месяцаў Церахаў працаваў над відэаўвасабленнем песні Pala Tute Gogol Bordello. Здымалі відэа ў Нью-Йорку. У амерыканскага гурта на чале з украінскім эмігрантам Яўгенам Гудзем выйшаў новы альбом "Trans-continental Hustle" за прадзюсаванне якога ўзяўся Мік Рубін, які працаваў з Red Hot Chili Peppers, Мікам Джагерам, U2 і Metallica.

"У нас з Жэнем ёсць агульныя сябры ў Таронта, так і пазнаёміліся, - распавядае Аляксей Церахаў. – Я з цікавасцю ўзяўся за працу, праўда, на іншую песню. Але Sony Records настаялі на тым, каб кліп быў менавіта на гэты твор". Гэта якраз той твор, які Gogol Bordello выконвалі на канцэртах Мадонны.

Персанажаў для кліпа Pala Tute рабіў яшчэ адзін беларус – Віталь Сідарук. Відаць таму пластылінавыя героі кліпа Pala Tute нагадваюць герояў кліпа гурта "Ляпіс Трубяцкой" "Золотые яйцы". Трошкі сугучны амерыканскі кліп з іншым беларускім відэа – на песню этна-трыё "Троіца" "Тры янгалы" Юліі Рудзіцкай.

Праўда, рэжысёр Аляксей Церахаў з гэтым не згодны. "Тэма "еду на машыне" ды спяваю – класічная. Яна скарыстана як у "Троіцы", так і ў мяне, але нічога супольнага між імі няма. А "Золотые яйцы" зроблены вельмі кандова, тут жа зусім іншая тэхніка здымак і зусім іншы постпрадакшн".

Самім удзельнікам Gogol Bordello праца беларускага рэжысёра спадабалася. Так што не выключана, што Аляксею прапануюць яшчэ не адну працу. Амерыканская прэм’ера кліпа Pala Tute адбылася на афіцыйным сайце гурта 20 ліпеня.

21 ліпеня ў 20.00 зладжана прэм’ера кліпа ў мінскім бары "Малако" пры ўдзеле яго аўтара Аляксея Церахава, які на некалькі дзён прыехаў на Радзіму.

 
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиМультимедиаВидео ❯ Беларускі рэжысёр зняў кліп улюбёнцам Мадонны