UDF

Новости

Занусі гатовы адкрыць гатэль для беларускіх студэнтаў

Сяргей Нятрэба, www.udf.by
17.11.2009
Занусі гатовы адкрыць гатэль для беларускіх студэнтаў

Класік еўрапейскага кіно падчас свайго візіту да студэнтаў беларускага універсітэта культуры заявіў, што гатовы прыняць іх у сваёй варшаўскай сядзібе і нават даў нумар тэлефона.

"Я сам вандраваў па свеце практычна без грошай, калі быў студэнтам, - сказаў Занусі. – Таму лічу сваім доўгам прымаць маладых людзей з розных краінаў свету. Запрашаю да сябе і беларусаў".

Польскі режысёр падкрэсліў, што гэта зусім не жарт. "У маім варшаўскім доме могуць размясціцца да дваццаці чалавек, і шмат хто карыстаецца такой магчымасцю". Ён нават распавёў некалькі камічных прыкладаў, звязаных з прыездам студэнтаў.

Аднойчы Занусі пакінуў расійскім студэнтам, якія завіталі да яго, уласнае аўто і дакументы на яго, каб тыя здолелі самастойна дабрацца да здымачнай пляцоўкі, дзе ён працаваў. "Якое ж было маё здзіўленне, калі мне патэлефанавалі з паліцыі і сказалі, што затрымалі рабаўнікоў, якія завалодалі маёй машынай. Я перажываў, але студэнты мне толькі падзякавалі за цікавую прыгоду".

Каб пацвердзіць сур’ёзнасць сваіх намераў, Занусі даў нумар тэлефона, па якім можна паведаміць пра свае намеры прыехаць да яго ў госці. А таксама здзівіў прысутных на яго майстар-класе просьбай зрабіць калектыўны здымак для яго. "Гэта на той выпадак, калі нехта з вас стане сусветнай знакамітасцю. Тады я яго вылучу на здымку і буду ганарыцца", - сказаў режысёр. І ён сапраўды не жартаваў, таму што такі выпадак некалі ў адной з еўрапейскіх краінаў ужо здараўся.

Хто са студэнтаў-слухачоў майстар-класа Кшыштафа Занусі стаў сусветна вядомым режысёрам?

Сайт UDF.by гатовы прадаставіць той самы нумар тэлефона таму, хто адкажа на гэтае пытанне. А ў дадатак мы яшчэ і падорым пераможцу тры кампакт-дыскі з фільмамі славутага рэжысёра. Хочаш стаць удзельнікам конкурса? Лістуй сюды: info@udf.by



Перейти на сайт