UDF

Новости

Украінцы сарвалі правядзенне беларускага рок-фэсту

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
13.07.2010
Арганізатары беларускага фестывалю Be Free, які праводзіцца ва Украіне, заявілі, што фэст не адбудзецца праз нежаданне гарадскіх уладаў Чарнігава. Папярэдне канцэрты планавалася правесці 21-22 жніўня, але згоды на іх так і не было атрымана. Арганізатары кажуць, што ў справу ўмяшаўся беларускі афіцыйны бок.

Дагэтуль фэст Be Free прайшоў тройчы ў розных гарадах Украіны – Луцку, Львове і тым жа Чарнігаве. З перашкодамі арганізатары сутыкаліся хіба з беларускага боку, калі ў 2007 годзе аўтобусы з гледачамі былі спыненыя міліцыянтамі пад Баранавічамі ды завернутыя назад у Мінск.
Цяпер беларускія арганізатары не могуць паразумецца з мясцовымі ўладамі ў Чарнігаве. Папярэдняя згода на правядзенне канцэртаў з удзелам беларускіх рок-выканаўцаў была атрымана, але паседжанне аргкамітэта з удзелам мясцовых чыноўнікаў было раптоўна адмененае, афіцыйны дазвол беларусы таксама ад іх не атрымалі. Арганізатары мяркуюць, што ў справу ўмяшаўся беларускі афіцыйны бок.

"З нефармальных крыніцаў мы даведаліся, што чарнігаўскія ўлады знаходзяцца ў кантакце з афіцыйным беларускім бокам, які настойліва раіць не дазваляць фэст. Такім чынам, лёс міжнароднага фэстывалю, які праводзіцца на ўкраінскай тэрыторыі, дэ-факта знаходзіцца ў руках беларускіх уладаў. Такое стаўленне да свабоднай, адкрытай для ўсіх групаў насельніцтва культурнай акцыі, скіраванай на паляпшэнне кантактаў паміж Беларуссю і Украінай, здзіўляе і выклікае абурэнне", - гаворыцца ў заяве беларускага аргкамітэта, куды ўваходзяць, між іншых, прадзюсар Віталь Супрановіч і лідэр гурта ULIS Вячаслаў Корань.

Арганізатары вымушаны былі паведаміць пра адмену фэсту 21-22 жніўня. Беларусы цяпер шукаюць іншых магчымасцяў для правядзення Be Free.



Перейти на сайт