9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску

zapraudu.info
10 мая 2010, 11:10
У Дзень Перамогі, 9 траўня, у Мінску стартавала кампанія па збору подпісаў за перайменаванне вуліцы Ульянаўскай у вуліцу імя Васіля Быкава і наданне імя Быкава адной з новых станцый метро.


Я далучылася да адной з груп валанцёраў, каб на ўласныя вушы пачуць, што думаюць пра гэту ініцыятыву жыхары дома на вуліцы імя Танка, дзе жыў Васіль Быкаў - і вуліцы Ульянаўскай – якую ўласна і прапануе перайменаваць кампанія "Гавары праўду!"

На вуліцы Танка

9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску

Малады чалавек у акулярах, не задаючы ніякіх дадатковых пытанняў, дае згоду і энэргічна распісваецца ў падпісным лісце.

- А вашы суседзі па дому наагул ведаюць, што доўгі час жылі паблізу з Васілём Быкавым? – пытаюся.

- Ну, я прыкладам, мая сям’я – ведае. Дый наагул – большасць ведае, асабліва сталага веку людзі.

Каля пад’езда курыць сівы мужчына, падыходзім да яго.

- О, прыдумалі! І чым вам Ульянаўская вуліца не падыходзіць?

Валанцёры тлумачаць: маўляў, зусім непадалёк ад Ульянаўскай – месціцца вуліца Леніна. Відавочна, што уганароўвалі аднаго і таго ж чалавека пад рознымі прозвішчамі.

- Не, гэта я так вам экспромтам не вырашу. Тут трэба думаць. Вось станцыя метро новая – гэта так, станоўча. Наагул ваша ідэя ўшанавання Быкава – гэта слушна і ўхваляю вельмі. Толькі нельга ўшаноўваць адных за кошт другіх. Хаця сапраўды, вуліца Леніна застанецца, - задумліва ўголас разважае мыжчына. – Трэба, варта Быкава ўганараваць. Вялікі быў чалавек, вялікі быў пісьменнік.

Але ведаеце што – улады прыходзяць і сыходзяць, а вуліцы павінны заставацца. А то вось была Ульянаўская – цяпер вось зробяць яе Быкава вуліцай…Улада зменіцца – і незразумела, якія вуліцы чыемі імёнамі новая ўлада захоча назваць.

Так і не пагадзіўшыся з прапановай перайменавання, наш суразмўца пусціў нас у "закадзіраваны" пад’езд, параіўшы акцэнтаваць увагу суседзяў на новай станцыі метро, а не на вуліцы Ульянаўскай.

- О, не!!! Я - катэгарычна супраць, - кажа нам эфектная жанчына з добра пастаўленым голасам. – Вось навошта грошы на гэта траціць?

- Але ж новая станцыя метро не пацягне за сабой выдаткаў, - даводзяць валанцёры. – Усё адно. Лепей грошы на вашы, моладзевыя інтарэсы патраціць. У нас не хапае клубаў для моладзі, нейкіх вось…культурных месцаў. Вось хай бы вы ініцыявалі адкрыццё клуба імя Васіля Быкава, дзе творчая моладзь магла б сабрацца. Замест таго каб на лаўках піва піць.

Мы паабяцалі падумаць над прапановай і рушылі далей.

- Ульянаўскую? Ну, хаця б Ульянаўскую. Хаця нам падаецца, што варта было б нашу колішнюю Танкавую назваць іменем Быкава. Наагул, даўно было пара задумацца над тым, што імя такога нашага гонару - бо Быкаў сапраўды гонар нацыі – ушанаваць належным чынам пакуль не дайшлі рукі ў чыноўнікаў.

- Вось наша Танкавая была ўсё жыццё. Тут раз-два – ніхто нікога не пытаў – і аказваецца, што яна ўжо імя Танка. Гэта ведаеце, як у нас тут кажуць - мусіць, у гонар таго, што Лужанін (ён жа Танк) да Быкава сюды ў госці хадзіў.

Прыхільнікі перайменавання фатаграфавацца адмовіліся, спаслаўшыся на патэнцыйную рызыку "засвяціцца":

- Я вось неяк пра выбары сказала праўду, што думаю, дык мяне папярэдзілі – што без працы застануся. А мы, ведаеце, пенсіянеры… Дык не хацелася б рызыкаваць.

- А хто гэта прыдумаў такое – вуліцы пераймяноўваць? – строга пытаецца бабуля, папраўляючы акуляры і ўглядаючыся ў падпісны ліст.

9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску

- Кампанія Гавары праўду выступіла з такой ініцыятывай.

- Не, Ульянаўская заўсёды была – хай яна ёй і застаецца. Іншыя варыянты шукайце лепш.

- Ці ты бачыла калі-небудзь гэткую ініцыятыўную моладзь, - прыязна пасміхаючыся валанцёрам і падпісваючыся за перайменаванне, жанчына дзівіцца працы ў выходны дзень.

- А яны, мусіць, з Педагагічнага інстытуту? – пацікавілася яе суразмоўца.

- Не, з кампаніі "Гавары праўду!" – адказваюць хлопец з дзяўчынай.

- Ну, праўду дык праўду. Вы хоць на свята не забудзьцеся!

На вул. Ульянаўскай

Да Ульянаўскай мы набліжаліся з вялікай цікаўнасцю: адна справа - быць "за" перайменаванне нейкай абстрактнай вуліцы. Іншая – калі перайменаваць прапануюць тую вуліцу, дзе жывеш менавіта ты. Нехта жыў усё жыццё, звыкся з назвай, у пэўнай ступені успрымае яе і як частку сябе…

9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску

Але карціна была вельмі блізкай да водгукаў ад жыхароў дома на вуліцы Танка.

З аднаго боку, людзей у хатах было мала. Адзін з трох выходных, ды парад у цэнтры сталіцы…

Але з тых жыхароў, што былі дома – большасць была "за" перайменаванне.

9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску

А адна дзяўчына запыталася:

- А чаму менавіта Быкава? Я лічу, што трэба вуліца Кузьмы Чорнага.

- Дык вуліца Кузьмы Чорнага ёсць. У самым цэнтры горада – здзівіўся валанцёр Руслан.

– Неістотна. Можна яшчэ нешта ягоным імем назваць!

На лесьвічнай пляцоўцы, прслухоўваючыся да нашай размовы, курыць мужчына.

- А Вы чаму ж не святкуеце? – пытаецца нас. - Мы вось ужо пачалі, зараз подпіс пакінем – і пойдзем парад глядзець.

Паставіўшы свій подпіс, задумаўся:

- А чаму вось вуліцу Ульянаўскую менавіта? Чаму не плошчу Леніна? Там жа яны ніяк не разбяруцца
– ці то яна Леніна, ці то Незалежнасці. Чаму б ёй не плошчай Быкава быць?


Гледзячы па далёка не самым высокім паказчыку "люднасці" ў нядзелю, збор подпісаў за ўшанаванне памяці Быкава праз наданне яго імя вуліцам і станцыі метро абяцае быць плённым.

9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску

У Гродна, дзе Васіль Быкаў пражыў вялікую частку свайго жыцця, кампанія "Гавары праўду" прапануе перайменаваць ягоным імем вуліцу Парыжскай камуны. Там подпісы пачнуць збіраць з 11 мая.

На нашым сайце мы будзем паведамляць пра колькасць сабраных подпісаў. Наступны тыдзень стане тэставым для розных сродкаў збору подпісаў – пасля чаго мы вызначым найбольш эфектыўны спосаб.

Пакінуць свой подпіс можна ў офісах партыі БНФ – на пр. Машэрава, 8, уофісе Аб’яднанай грамадзянскай партыі – па адрасе Веры Харужай, 22, офіс 1701, у офісе кампаніі "Гавары праўду!" на пр. Машэрава, 54.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ 9 мая стартаваў збор подпісаў за вуліцу Быкава ў Мінску