У Берліне ўтварыўся “ШОС-бэнд“ - аўдыё

"Тузін гітоў"
28 июля 2011, 13:39
Беларус, украінец, грузінскі цыган і габрэй заснавалі ў Берліне музычны праект, які назвалі "ШОС-бэнд". Свой першы інтэрнэт-сінгл "КГБ – Калі Госпаду Баліць" музыкі прэзентуюць на "Тузіне Гітоў". "Калi яны спускаюць сабакаў на тых, хто слухае кансерваванага Цоя, дык жывую рыбу будуць глушыць у басейнах з сернай кiслатой", - мяркуе лідэр гурта Міхал.

Аўтар тэкстаў і вакаліст "ШОС-бэнду" называе сябе "Панам Міхалам з Ліпску". У 90-х ён быў даволі вядомым чалавекам у мінскім культурным асяроддзі. Пан Міхал працаваў у газеце "Імя", граў у складзе мінскага хэві-мэтал гурта SPIRIT, меў сольны праект НХЛ. "Я заўжды быў культурным правакатарам", - кажа музыка.

У 1996 годзе яму ўдалося афіцыйна выдаць альбом НХЛ "Музыка для хоккеистов". У адной з песень ён спяваў, як "товарищ Лукашенко на корке апельсиновой сломал ногу". З паўмесяцы касета прадавалася на ўсіх буйных кропках у Мінску, але нейкі пільны слухач настукаў на яго ў фірму-выдаўца і альбом быў прыбраны з паліцаў. Пан Міхал таксама сцвярджае, што ведае хто такі Інкогніта, які спявае "Надзеньку" ў "Народным альбоме", а сярод іншых сваіх заслугаў называе, што менавіта ён прымусіў заспяваць на беларускай мове будучую рок-князёўну Крысціну Мендзялееву з гурта Hasta La Filstа і зацягнуў у першы беларускамоўны праект вакаліста гурта Partyzone Дзяніса Вячэрскага. А яшчэ вучыў беларускай Рому Арлова.

Пан Міхал у тыя часы яўна карыстаўся слабай ідэалагічнай пільнасцю дзяржаўных структураў: "У часы глыбокага ўжо Лжэсашы ў ратацыю на беларускае дзяржаўнае радыё ўдалося ўкінуць маю песню, дзе спявалася так: "Пайду служыць мянтом/ Не дай Бог цябе злаўлю/Усю дубiнку паламлю", - з замілаваннем згадвае ён.

На пачатку 2000-х Пан Міхал перабраўся ў Берлін, дзе ўзяўся актыўна прасоўваць беларускую культуру. "Міхалок тут неяк пабываў, дык потым распавядаў усім пра цікавы артыстычны квартал Кройцберг. Дык я ў тым Кройцбергу, турэцкім дарэчы раёнчыку, нехта накшталт культурнага начальства", - кажа ён.

Сёлета выспела ў Міхала і ідэя музычнага праекту, які назвалі "ШОС-бэнд". У склад яго яшчэ ўвайшлі ўкраінец, грузінскі цыган і габрэй. "Я панапісаў вершаў ды крычу, а сябра мой, цыган Рома піша музыку ды грае на гітары", - распавядае музыка. Ён не называе свайго сапраўднага прозвішча, бо "ранавата пакуль", але абяцае зрабіць гэта неўзабаве.

"ШОС-бэнд" прэзентуюць на "Тузіне Гітоў" свой дэбютны інтэрнэт-сінгл, які завецца "КГБ – Калі Госпаду Баліць".

У Мінск прыязджаць гурт Пана Міхала пакуль не плануе: "Калi яны спускаюць сабакаў на тых, каго хапае толькi на тое, каб нацiснуць на пiмпачку з кансерваваным Цоем, дык жывую рыбу, мяркую, будуць глушыць у басейнах з сернай кiслатой. Меў гонар ведаць асабіста дзядулек беларускай літаратуры Грахоўскага і Скрыгана, дык яны мне сёе-тое на гэты конт распавядалі".
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ У Берліне ўтварыўся “ШОС-бэнд“ - аўдыё