Праграма Кастуся Каліноўскага: правалілася ці спрацавала ў інтарэсах Беларусі?

Марыя Эйсмант, Народная Воля
4 ноября 2016, 09:01
Кастусь Каліноўскі
Праграма Кастуся Каліноўскага, якая давала магчымасць вучыцца ў Польшчы маладым беларусам, што трапілі пад рэпрэсіі, завершана. З гэтага года пачала дзейнічаць новая – праграма стажыровак для грамадзян Беларусі з магістарскай ступенню ў галіне гуманітарных, сацыяльных навук і права.

Але, як высветлілася за дзесяць гадоў існавання Праграмы Каліноўскага з 900 беларускіх студэнтаў, якія змаглі паехаць вучыцца ў польскія ВНУ, дыпломы атрымалі толькі 300. Чаму? Ці значыць гэта, што праект праваліўся?

Пра лёс стыпендыятаў Праграмы Каліноўскага, пра яе ролю ў жыцці беларускага грамадства "Народная Воля" паразмаўляла з Інай Кулей – старшынёй камітэта абароны рэпрэсаваных “Салідарнасць” і, па сутнасці, куратарам Праграмы Каліноўскага з беларускага боку.

– Інна Феліксаўна, нядаўна дырэктар Праграмы Каліноўскага з польскага боку Ян Маліцкі агучыў проста сенсацыйныя дадзеныя. Аказваецца, амаль кожны трэці стыпендыят праграмы быў адлічаны…


– Трэба разумець, што Праграма Каліноўскага – гэта быў шанец для рэпрэсаванай моладзі працягнуць адукацыю, але не гарантыя атрымання дыплома. Скарыстацца гэтым шанцам у поўнай меры і з усёй адказнасцю мог толькі сам стыпендыят. Нават маючы вялікае жаданне вучыцца, не кожны можа адаптавацца да новых умоў, вытрымаць розніцу менталітэтаў, настальгію па дому. Ехалі ж на вучобу зусім маладыя людзі, зачастую ва ўзросце да 20 гадоў.

Потым не трэба забывацца на тое, што еўрапейская Балонская сістэма вышэйшай адукацыі працуе інакш, чым беларуская. Там за студэнтам ніхто бегаць не будзе, ён цалкам нясе адказнасць за свае ўчынкі, і гэта толькі яго жаданне – вучыцца ці не вучыцца. У польскіх ВНУ вельмі значны адсеў студэнтаў, 20–25 працэнтаў адлічаных у год – гэта лічыцца нармальнай лічбай. Але, калі чалавек адлічаны, гэта не значыць, што ён згубіў шанец давучыцца. Можна аднавіцца. І некаторыя нашы хлопцы і дзяўчаты аднаўляліся.

– І заставаліся стыпендыятамі праграмы?

– Канечне, чалавека могуць аднавіць у стыпендыяльнай праграме, толькі ён павінен прадаставіць даведку з універсітэта, што пераздаў экзамены і адноўлены па вучобе. Былі выпадкі, калі маладзёны, адпрацаваўшы год-два, заканчвалі ВНУ завочна. Я хачу сказаць: тое, што яны не атрымалі дыплом у рамках самой праграмы, не значыць, што яны перасталі вучыцца.

– А вы адсочвалі лёс стыпендыятаў? Ці шмах хто з іх вярнуўся ў Беларусь? Гучала нямала крытыкі ў адрас праграмы. Напрыклад, гаварылі, што праект, які задумваўся як добры і патрэбны, стаў пралазам для тых, хто жадае з’ехаць з Беларусі…

– Праграма Каліноўскага – гэта праграма канкрэтнай дапамогі людзям, якія апынуліся ў экстрэмальнай сітуацыі. Але кожны сам робіць свой выбар. Былі і тыя, хто не паехаў вучыцца. Ёсць тыя, хто закончыў ВНУ і прыняў рашэнне застацца працаваць за мяжой. Свет глабальны, і, калі малады чалавек хоча атрымаць добрую адукацыю і знайсці ёй прымяненне не на радзіме, гэта яго права, гэта яго жыццё. Галоўнае, каб ён думаў пра Беларусь, памятаў, што ён беларус, і тады ён будзе імкнуцца штосьці зрабіць для сваёй краіны.

Каля 60 працэнтаў нашых падапечных вяртаюцца ў Беларусь. І зараз мы якраз пачалі новую праграму, якая называецца “Тваё заўтра”. Мы хочам прыцягнуць увагу бізнесу, грамадскай супольнасці, дзяржаўных структур да таго, што ёсць шмат цудоўных маладых людзей, якія вучыліся за мяжой, стажыраваліся за мяжой, маюць вялізны патэнцыял, які можна і трэба выкарыстоўваць.

– Чаму існуе меркаванне, што выпускніку Праграмы Каліноўскага складана працаўладкавацца ў Беларусі? У дыпломе ж не пішуць, што чалавек вучыўся па Праграме Каліноўскага? Няўжо за іх лёсам так пільна сочаць на радзіме?

– Так, менавіта пільна сочаць. Першыя пяць гадоў Праграма Каліноўскага ўспрымалася беларускай уладай вельмі балюча, нервова, таму што яна не толькі падкрэслівала той факт, што ў Беларусі адбываюцца рэпрэсіі, але і разбурала страх у грамадстве. Праграма была нацэлена на тое, каб моладзь не баялася выказваць сваё меркаванне, адстойваць сваю пазіцыю, каб малады чалавек ведаў: калі яго адлічаць з універсітэта за ягоныя погляды, за іншадумства, ён зможа атрымаць вышэйшую адукацыю за мяжой. На Праграму Каліноўскага нацкавалі Беларускае тэлебачанне. Тыя, хто праходзіў па спісе стыпендыятаў праграмы, былі персонамі нон грата для працаўладкавання ў Беларусі. Але я думаю, што часы мяняюцца. Сёння і людзі з акружэння Лукашэнкі, і міністр замежных спраў Уладзімір Макей усё часцей кажуць пра тое, што краіне патрэбны маладыя кадры з добрай еўрапейскай адукацыяй. Прыклады такіх краін, як Грузія, Эстонія, паказваюць, наколькі важную ролю адыгрываюць маладыя рэфарматары і ўпраўленцы, асабліва тыя, хто разумее, што такое сусветная эканоміка сёння.

Да слова, мы знялі фільм “Універсітэт Каліноўскага” (яго можна паглядзець на “Ютубе”), у якім распавядаецца шмат гісторый нашых выпускнікоў. І тых, хто вярнуўся ў Беларусь, і тых, хто застаўся працаваць за мяжой.

– Вы кажаце, што беларуская ўлада зацікаўлена ў маладых рэфарматарах. Але, анансуючы праграму стажыровак, Ян Маліцкі заявіў, што яе мэта – рыхтаваць “будучыя кадры высокай якасці для новага ўрада Беларусі пры змене ўлады”. Ці варта ў такім выпадку чакаць зацікаўленасці з боку беларускай улады?

– Гэтае пытанне трэба задаць прадстаўнікам улады, а не мне. Але я думаю, што і ў сённяшняй уладзе працуюць не такія ўжо непісьменныя людзі, яны разумеюць, што стан стагнацыі немагчыма трымаць доўга, што гэта шкодна і небяспечна і для краіны, і для іх саміх, і, самае галоўнае, для нашай незалежнасці.

На мой погляд, трансфармацыя Праграмы Каліноўскага – гэта вельмі добра для сучаснай Беларусі, таму што яна дае магчымасць для тых, хто ўжо вызначыўся ў сваёй прафесіі і ведае, чаго хоча ў будучыні, павысіць сваю кваліфікацыю і атрымаць новыя веды, якія адпавядаюць сусветнаму ўзроўню.

– А якія ўмовы адбору па гэтай праграме?


– На жаль, ніякай падрабязнай інфармацыі я даць не магу. Рада праваабарончых арганізацый не мае дачынення да гэтай праграмы, мы не ўдзельнічаем у адборы кандыдатаў. Гэта цалкам праграма Інстытута Усходняй Еўропы, яе кіраўнік – Ян Маліцкі. Магу толькі сказаць, што гэта праграма для людзей, якія маюць вышэйшую адукацыю, а не адлічаных студэнтаў. Не мае значэння, падпаў пад рэпрэсіі кандыдат ці не. Любы жадаючы можа даведацца пра гэтую праграму на сайце Амбасады Польшчы ў Беларусі ці на сайце Інстытута Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта uw.edu.pl. Першы набор у гэтым годзе ўжо адбыўся.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ Праграма Кастуся Каліноўскага: правалілася ці спрацавала ў інтарэсах Беларусі?