ПЭН-цэнтр: Гаворка не пра дыскрымінацыю рускамоўных, а пра аб’яднанне пісьменнікаў

Аляксандр Арсёнаў, Наша Ніва
9 марта 2015, 21:26
Прэмія «Кніга году» мусіла аб’яднаць, а не раз’яднаць пісьменнікаў. Чарговы Агульны сход Беларускага ПЭН-цэнтра прывёў да нечаканай навіны пра абарону рускамоўных пісьменнікаў ад дыскрымінацыі.

Беларускі журналіст і літаратар Сяргей Дубавец заявіў на Facebook пра намер выйсці з ПЭН-цэнтра.

«Прачытаў прэс-рэліз з апошняга сходу ПЭНа і адчуў сябе ідыётам, — піша ён. — Ні пра якую дыскрымінацыю рускамоўных пісьменнікаў гаворкі на сходзе не было. Ніякай дыскрымінацыі рускамоўных у Беларусі не існуе».

Сяргей Дубавец хоча выйсці з ПЭН-цэнтра «не жадаючы падмяняць рэальныя праблемы прыдуманымі, не хочучы падкідаць «аргументы» расійскай партыі вайны, не могучы ўплываць на рэлізы пра ў тым ліку і маю дзейнасць».

ПЭН-цэнтр не адмаўляе: слова «дыскрымінацыя» ў прэс-рэлізе ёсць. Але ўжытае яно не ў «радыкальным» значэнні.

У межах новага праекту «Кніга году» будуць абраныя найлепшыя творы беларускіх пісьменнікаў у незалежнасці ад мовы (па-беларуску, па-руску, па-ўкраінску, па-польску…). Буйныя прэміі (прэмія Гедройца і «Дэбют») выдаюцца за творы, напісаныя па-беларуску. Менавіта адсутнасць прэмій для ўсіх пісьменнікаў Беларусі называлася «пэўнай дыскрымінацыяй».

«Пэўныя пытанні выклікаў пункт палажэння пра роўнасць моў, якімі карыстаюцца беларускія пісьменнікі, — пішацца ў прэс-рэлізе. — Тым не менш пазіцыя ПЭН-цэнтра, замацаваная ў статуце прэміі, дастаткова празрыстая: і рускамоўныя, і беларускамоўныя аўтары маюць роўныя правы ў літаратарскім спаборніцтве. Ніхто не збіраецца забываць пра няпростае становішча беларускай мовы ў грамадстве, але і ўціск рускамоўных паэтаў і празаікаў быў бы зусім некарэктным крокам».

Пра роўнасць моў кажа Хартыя Міжнароднага ПЭН-клуба, якую ўхваляе Беларускі ПЭН-цэнтр. Другі пункт Хартыі кажа: «Пры любых умовах, асабліва ў ваенны час, творы мастацтва і сусветная спадчына ў цэлым не павінныя цярпець у супрацьстаяннях нацыянальнага ці палітычнага характару».

Згодна з Хартыяй і прынцыпамі ПЭН-цэнтра было прынятае рашэнне: узнагароды за лепшыя творы ў межах «Кнігі году» выдаваць незалежна ад мовы іх напісання.

«Гаворка ідзе не пра дыскрымінацыю рускамоўных, а пра аб’яднанне пісьменнікаў. Мы не хочам дзяліць пісьменнікаў паводле мовы, на «Кнігу году» будуць на роўных умовах прэтэндаваць любыя творы беларускіх аўтараў», — распавёў «Нашай Ніве» першы намеснік старшыні ПЭН-цэнтра Павел Анціпаў.

У журы прэміі можа ўвайсці любы беларускі літаратар, у якога нядаўна выходзілі афіцыйныя кнігі з ISBN. Ён назаве аргкамітэту тры найбольш вартыя, на яго думку, кнігі ў той намінацыі, якую ён судзіць. Аргкамітэт жа з гэтых «троек» складзе поўны спіс прэтэндэнтаў на прэмію і дашле яго журы. З атрыманага спісу сябра журы выбірае трох сваіх пераможцаў. Сумарны рэйтынг затым вызначае пераможцу. Прэміі будуць уручацца ў намінацыях «Проза», «Паэзія», «Дзіцячая літаратура».

«Мы не робім прэмію для рускамоўных, — падкрэсліў Анціпаў. — Нас такая прэмія не цікавіць, нас цікавіць прэмія для ўсіх пісьменнікаў краіны».

Адказнасць за раздзьмухванне скандалу са «шматмоўнай» прэміі ПЭН-цэнтр ускладае на таго, хто перакрывіў сэнс прэс-рэлізу, вырваўшы фразу з кантэксту.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиКультура ❯ ПЭН-цэнтр: Гаворка не пра дыскрымінацыю рускамоўных, а пра аб’яднанне пісьменнікаў