UDF

Новости

“Крама“ зьняла першы прафэсыйны кліп

Tuzin.fm
11.07.2014
Гурт "Крама" прадстаўляе на Tuzin.fm кліп на песьню "Дзяўчынка". Музыкі называюць яго першым сур’ёзным кліпам за ўсю гісторыю існаваньня каманды.

Да здымкаў кліпа на адну зь песень з свайго новага альбому гурт "Крама" падыйшоў адказна. Дагэтуль было некалькі ролікаў, але ўсе яны, як зазначае гітарыст Сяргей Трухановіч, былі зьняты на хуткую руку і ніводзін зь іх "крамаўцаў" не задавальняў. Новае відэа даверылі здымаць маладому рэжысэру Андрэю Ляўковічу. У яго даробку 3D-кліп для амэрыканскага гурта Icodora Crane, а перамога на фэсьце мабільнага кіно Smartfilm. Андрэю было прапанавана на выбар дзьве песьні – "Дзякуй Богу мы ідзем дамоў" і "Дзяўчынка з шклянымі вачыма".

"Я абраў "Дзяўчынку" без ваганьняў, бо яна больш мэлядычныя і добра падыходзіць для візуалізацыі, – кажа рэжысэр у камэнтары для Tuzin.fm, – Паколькі гэтая песня зьвязана з асабістымі перажываньнямі, то я пастараўся стварыць атмасфэрны кінаматаграфічны эмацыйны відэакліп".

Матэлыял для відэа здымалі ў два дні. "Мы падыйшлі грунтоўна, як ніколі: узялі ў арэнду на ноч Тэатар беларускай драматургіі, паставілі сьвятло і гук і здымалі да раніцы. Сюжэтную лінію зь дзяўчынай Андрэй здымаў ужо бяз нас на вуліцах Менску", ­– апавядае гітарыст "Крамы" Сяргей Трухановіч.

Працай над "Дзяўчынкай" музыкі засталіся задаволеныя. Цалкам магчыма, што ў будучыні Андрэя Ляўковіча запросяць яшчэ раз. "Я буду рады зрабіць нешта яшчэ для гэтай каманды, якая ўвасабляе для мяне ўсю хвалю беларускага року", – кажа рэжысэр.

Песьня "Дзяўчынка" увойдзе ў новы альбом "Крамы" пад назваю "Белая вада", праца над якім практычна завершаная. Лідэр "Крамы" Ігар Варашкевіч з задавальненьнем апавядае пра будучы рэліз: "Альбом абяцае быць вельмі моцным і сур’ёзным, бо ён ужо прайшоў праверку часам. Аніводнай прахадной песьні ў ім ня будзе. Як ня дзіўна, у дыск увойдзе нямала лірычных твораў. Ён пачаў стварацца ў няпросты час (пасьля сьнежня 2010 году ­– ТГ), але песьні будуць не пра гэта. Як у "Океана Ельзи", якія сьпяваюць пра каханьне, але зьяўляюцца пры гэтым сымбалем свабоды ва Ўкраіне. Жартую, канечне, але мушу сказаць дакладна: альбом будзе добры!".

Рэліз альбому гурта "Крама" – "Белая вада" заплянаваны на восень.

Відэапрэм’ера на Tuzin.fm. Крама – Дзяўчынка (музыка гурта, словы Зьмітра Лукашука).

Рэжысэр: Андрэй Ляўковіч

Апэратары: Андрэй Ляўковіч, Вадзім Пацееў

Акторка: Валерыя Лютарэвіч



Перейти на сайт