Нарадзіўся 25 ліпеня 1947 года ў Гродне. Кандыдат фізіка-матэматычных навук, абараніў дысертацыю "Механізм генерацыі звышмоцных лазерных імпульсаў" (1976), скончыў аспірантуру Інстытута фізікі АН БССР, малодшы навуковы супрацоўнік (1972), фізіка-матэматычны факультэт Гродзенскага педагагічнага інстытута, спецыяльнасць – настаўнік (1969).
Працаваў дацэнтам фізічнага факультэта Гродзенскага дзяржаўнага універсітэта ім. Янкі Купалы (1994-2000 гг.); намеснікам старшыні Гродзенскага гарвыканкама. Займаўся пытаннямі адукацыі, культуры, рэлігіі, аховы здароўя, СМІ, міжнародных адносінаў, спорту, моладзі і аховы гістарычнай спадчыны (1990-1996 гг.); загадчыкам кафедры Сетыфскага універсітэта (Алжыр, 1980-1984 гг.); дацэнтам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта ім. Янкі Купалы (1978-1980 гг., 1984-1990 гг.); інжынерам і старшым выкладчыкам Гродзенскага педінстытута (1976-1978 гг.); малодшым навуковым супрацоўнікам Інстытута фізікі АН БССР (1972-1976 гг.); школьным настаўнікам (1969 г.).
У кастрычніку 2005 года на Кангрэсе Дэмакратычных сіл Беларусі быў абраны адзіным кандыдатам у прэзідэнты РБ ад Аб'яднаных дэмакратычных сіл (10.2005-03.2006 гг.); кіраўнік праграм Фонда Садзейнічання лакальнаму развіццю (2003-2006 гг.); кіраўнік выбарчага штаба кандыдата ў Прэзідэнты РБ – С.М.Домаша (2001 г.); ініцыятар стварэння рэспубліканскага аб'яднання "Рэгіянальная Беларусь" (2001 г.); старшыня Гродзенскага гарадскога аддзялення рэспубліканскага грамадскага аб'яднання "Таварыства Беларускай Школы" (03.2003-02.2005 гг.); кіраўнік Беларускай Асацыяцыі Рэсурсных Цэнтраў (1999-2005 гг.); старшыня Гродзенскага абласнога грамадскага аб'яднання "Ратуша" (1996-2003 гг.).
Лаурэат прэміі Еўрапарламента ім.А.Сахарава "За свабоду думкі" за 2006 г. (10.2006 г.).
Вядомы краязнаўца, даследчык гісторыі і рэстаўратар вядомага, найстарэйшага ў Еўропе гродзенскага вежавага гадзінніка (XV – XVI стст.). На працягу 10 гадоў быў аўтарам і вядучым праграмы па гісторыі краю на гродзенскім тэлебачанні.
Паходзіць з праваслаўнай сям'і.
Жанаты, мае двух сыноў.
Валодае, акрамя роднай беларускай, чатырма замежнымі мовамі – англійскай, французскай, польскай і рускай.