UDF

Новости

Збітыя і атрыманыя кандыдаты ў прэзідэнты

"Наша Ніва"
20.12.2010
Для стварэння падставы група правакатараў разбіла дзверы Дома ўрада. Лік збітых і затрыманых ідзе на сотні.

Рэпарцёры «Нашай Нівы» пачалі вяртацца з плошчы Незалежнасці. Падзеі там разгортваліся драматычна.

Колькасць мітынгоўцаў на Плошчы дасягнула, паводле розных ацэнак, ад 20 да 40 тысяч чалавек. З трыбуны было агучанае галоўнае патрабаванне: дабівацца правядзення свабодных выбараў без Лукашэнкі.
Хоць каля Дома ўрада было некалькі тысяч рашуча настроеных маніфестантаў, большасць не была настроена на сілавое змаганне.

З трыбуны Плошчы выступалі палітыкі, а таксама дзеячы культуры. Кандыдаты ў прэзідэнты патрабавалі, каб іх прапусцілі ў Дом урада для перамоваў.

Невядомыя правакатары тым часам паспрабавалі прарвацца ў Дом урада, дзе засядае Цэнтральная выбарчая камісія. Яны хавалі твары ад журналістаў, не давалі сябе здымаць і білі камеры. Яны не слухалі Віталя Рымашэўскага, які намагаўся іх спыніць. Дзверы Дома ўрада, між тым, былі надзейна заблакаваныя шчытамі АМОНа, і пранікнуць усярэдзіну было немагчыма.

Пад гэты час улады перакінулі на Плошчу з боку Савецкай вуліцы некалькі соцень спецназаўцаў. Іншыя падраздзяленні спецназа сканцэнтраваліся на праспекце Незалежнасці. Ім быў дадзены загад рассякчы натоўп, і прыкладна, а 23-й гадзіне пачаўся разгон.

Дэманстранты пачалі адыходзіць у адкрытых кірунках. На слізкім мармуры Плошчы многія балюча падалі, траўмаваліся. Ядро дэманстрантаў працягвала стаяць вакол помніка Леніну, згуртаваўшы шэрагі. Каб зламіць мірнае супрацьстаянне людзей, сілавікі пачалі збіваць і хапаць людзей.

На вачах у рэпарцёраў «Нашай Нівы» былі затрыманыя кандыдаты ў прэзідэнты краіны Рыгор Кастусёў, Андрэй Саннікаў, Мікола Статкевіч. Саннікава жорстка збілі на вачах у жонкі.

Кандыдат Віталь Рымашэўскі таксама быў збіты і дастаўлены ў бальніцу.

Пазней стала вядома, што невядомыя ў цывільным вывезлі з бальніцы моцна збітага Уладзіміра Някляева, як толькі адтуль сышлі журналісты, і Рымашэўскага.

Дарэчы, менавіта з нападу на штаб Някляева і распачаўся нядзельны вечар.

Як назіраў карэспандэнт «Нашай Нівы», ціхары ў чорным высадзіліся з аўтобусаў і напалі на штабную калону Някляева. Імаверна, мэтай нападу быў бусік з гукаўзмацняльным абсталяваннем, які суправаджала калона някляеўцаў.

Адбылося некалькі выбухаў — імаверна, выбухпакетаў.

Тады ціхары паклалі дэманстрантаў на снег на вуліцы Няміга. Яны ўварваліся ў бусік і захапілі абсталяванне. Пасля гэтага яны з’ехалі.

Падчас захопу кандыдат у прэзідэнты Някляеў быў збіты да непрытомнасці.

Але мы вяртаемся да падзей на Плошчы і праспекце.

Паміж 23-й і 24-й гадзінамі спецназ перакрыў двары і падыходы ад Плошчы Незалежнасці да станцыі метро «Кастрычніцкая». Яго мэтай было не даць людзям ізноў арганізавацца ў маніфестацыю. Пачалася зачыстка вуліц.

Людзей збівалі, кідалі ў аўтазакі.

Кастрычніцкая плошча стаіць цалкам пустая, на ёй кучкуюцца толькі работнікі КДБ. Іграе гучная поп-музыка.

У ліку збітых — дзясяткі журналістаў, у тым ліку журналіст НН Алесь Пілецкі. Яму пашкодзілі нагу.

Плошча Незалежнасці была разбітая на сектары і жорстка зачышчаная спецназам, людзей збівалі дубінкамі, нагамі. Тое самае пасля паўтарылася на праспекце Незалежнасці, вуліцы Валадарскага.

Сотні людзей, у тым ліку паслы шэрагу краін Еўрасаюза і кіраўнік прадстаўніцтва Еўракамісіі аказаліся блакаванымі ў гатэлі «Мінск», дзе яны шукалі ратунку ад спецназа.

Каля 0.30 нам патэлефанавалі з двара ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. Туды на гэта момант звезлі каля двухсот чалавек.

Усяго, паводле звестак праваабаронцаў з Цэнтра «Вясна», колькасць затрыманых перавысіла 400 чалавек. Каля 3.20 ранку мы атрымалі інфармацыю, што спецназаўцы ўварваліся і ў сам Цэнтр «Вясна», што месціцца каля Акадэміі навук. На гэтым сувязь з праваабаронцамі абарвалася.

19 снежня апошнім з трыбуны Плошчы выступіў паэт, старшыня Беларускага ПЭН-Цэнтра Андрэй Хадановіч. Ён праспяваў, дакладней рэцытаваў свой беларускі пераклад каталонскай песні: «Мур хутка рухне!».
Пасля яго Віталь Рымашэўскі толькі папрасіў не біць, не чапаць супрацоўнікаў міліцыі. Ён заклікаў усіх сабрацца ў панядзелак, а 18-й гадзіне на плошчы Незалежнасці, каб працягваць пратэст. Але няясна, хто такі пратэст зараз зможа ўзначаліць.



Перейти на сайт