Музычны інтэрнэт-партал "Тузін Гітоў" на просьбу інфармацыйнага парталу www.udf.by cклаў рэйтынг самых скандальных відэакліпаў за гісторыю беларускай сучаснай музыкі. У топ увайшоў чортаў тузін самых дзёрзкіх, правакацыйных ды трэшавых кліпаў, якія не маюць аніякіх шанцаў з'явіцца ў тэлеэфіры альбо падпадалі пад цэнзуру ды мелі розгалас з ідэйных ці маральных прычынаў.
Чортаў тузін склаў Сяргей Будкін
13
Ambassador21 - Rock'N'Roll
рэжысёр Invasion, 2010
Былыя вядучыя радыё "Бі-Эй" Аляксей і Наталля Пратасавы дэманстратыўна сышлі з радыёэфіру са словамі "FM мусіць памерці" ды заснавалі праект Ambassador21, дзе ў стылістыцы хэві-электронікі крытыкуюць негатыўныя праявы сучаснай цывілізацыі. Іх новы кліп Rock'N'Roll – увасабленне правакацыі. Экс-дыджэі цягам чатырох хвілінаў махаюць у кадры кулакамі, пісталетамі, шпрыцамі, глытаюць пігулкі, круцяць сярэднімі пальцамі рук ды засмоктваюць вуснамі адно аднаго. Наталля гістэрычна крычыць: "И когда все те, кто тебя посчитали, напишут слова: "Запретить рок-н-ролл!", скажи им громко, как только ты можешь: Fuck you!". ГЛЯДЗЕЦЬ
12
Бонда – Ура рэжысёр Віталь Шувагін, 1988
"Шэрых помнікаў мундзіры ў пазалоце не пастрашаць мне душы", - пяюць музыкі ды паляць ненавісную савецкую прэсу. Гітарыст Іван Маркаў кідае ў вакно сваю гітару, а вакаліст Ігар Варашкевіч прыгае з вакна, а ў канцы музыкі ўшчэнт разбіваюць бюсцік правадыра. Нягледзячы на палітыку перабудовы, першы беларускі кліп яшчэ доўга ляжаў на палічках архіваў БТ, затое гэтая праца запачаткавала у Беларусі жанр музычна-палітычнага відэа. ГЛЯДЗЕЦЬ
Каманда з танцораў ды былых спартоўцаў на чале з пяціразовым чэмпіёнам Беларусі па культурызму перарабілі даўні хіт групы "Земляне" ў гімн стрыптызёраў ды знялі ўзорнае трэш-відэа, дзе прадэманстравалі свае працоўныя касцюмы ды ўласнае бачанне канцэпцыі па спалучэнні спартовых уменняў ды вульгарнага гумару. Потым лідэр "Дынамітаў" Мікалай скажа, што мэта яго калектыву – давесці да людзей слушнае разуменне элементаў стрыптызу і назаве сцэнічную дзейнасць "хутчэй не стрыптызам, але сцёбам са стрыптызу". ГЛЯДЗЕЦЬ
10
N.R.M. – Чыстая – светлая
рэжысёр Анатоль Вечар, 2001
Галоўныя на той час рок-змагары краіны і аўтары гімнаў вулічных акцый канца 90-х у кліпе на песню "Чыстая-светлая" паўсталі раптам у жаночым абліччы. Удзельнікі гурта па сюжэце працуюць на заводзе, а ўвечары чапляюць на сябе парыкі, апранаюць сукенкі ды ярка фарбуюць вусны. На задуму музыкаў, тое была наўмысная правакацыя прыхільнікаў – каб не падумалі, што песня "Чыстая-светлая" сапраўды напісаная на тэму кахання. На задуму рэжысёраў, "энэрэмаўцы" меліся сімвалізаваць простых рабацяг, што маюць чыстую і светлую душу. ГЛЯДЗЕЦЬ
9
Сяргей Міхалок і Святлана Зелянкоўская – Зорачкі
Openspace.Ru, 2009
Лідэр "Ляпісаў" ды акторка Купалаўскага зняліся для відэапраекта буйнейшага расійскага культурніцкага інтэрнэт-партала Openspace.Ru "Проверка звука". Паводле задумы, выканаўца сам абірае песню для відэўвасаблення, але мусіць выканаць зададзеныя аўтарамі праекта ўмовы для здымак кліпа. Міхалок вырашаў спець "Зорачкі", што якраз прызналі галоўным беларускім хітом года. Умовы былі такія: заспяваць яе ля вогнішча з гітараю. Усё астатняе дадумаў сам лідэр "Ляпісаў", у тым ліку і танцы аголенай акторкі Зелянкоўскай, якую ён ласкава кліча ў кліпе "Зелька". Гэтае відэа застаецца самым папулярным з усіх кліпаў праекта. ГЛЯДЗЕЦЬ
8
Ляля Бежецкая – Шкатулка Ляли Бежецкой
рэжысёр Дзмітрый Пантэлейка, 2005
Мінская перакладчыца і стрыптызёрка заявіла, што вынайшла ўласны стыль танца і, каб тое засведчыць, зняла эпатажнае відэа, дзе ўласна і дэманструе свае творчыя канцэпцыі, напяваючы такія немудрагелістыя словы: "Это я – звезда бурлеска, я красавица, я дива". Пасля здымкаў спявачка сапраўды назвалася "першай расійскай танцоркай бурлеску" ды выправілася скараць Маскву. Расійская сталіца яе прыняла – там Ляля зрабіла цэлую праграму пад назвай "Вояж де Винтаж" і абяцае падрыхтаваць другую, якая будзе "поўнай нечаканасцю для гламурнай публікі". ГЛЯДЗЕЦЬ
7
Віктар Шалкевіч – Таварыш Сапега
StopLukaFilm, 2000
Адно з самых палітычна-іранічных беларускіх музычных відэа было знятае для фільма "Незвычайны канцэрт". Песня пра "таварыша Сапегу" з'явілася пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка адказаў неяк на пытанне, датычнае ініцыятываў недзяржаўнага фонда, што быў названы ў гонар дзеяча Вялікага княства Літоўскага Льва Сапегі. Прэзідэнт зазначыў, што не прыйшоў час яшчэ разглядаць ініцыятывы таварыша Сапегі, ён павінен яшчэ пачакаць. Камічны эфект у відэа дасягаецца не толькі пры дапамозе бардаўскай іранічнасці, але і дзякуючы выкарыстанню афіцыйнай хронікі, што кажа сама за сябе. Як, напрыклад, кадр, дзе герой кліпа заходзіць разам з Філарэтам у царкву і на воклічы вернікаў: "Хрыстос уваскрос!" адказвае: "Спасибо!". ГЛЯДЗЕЦЬ
Відэа на песню першых беларускіх рок-каралей было задумана да 10-годдзя Чарнобыльскай катастрофы. Акром "Крамы" да выканання далучыліся заснавальнікі стылю фолк-мадэрн - гурт "Палац", ды "Сябры" ў асобе тады яшчэ не народнага, але заслужанага артыста Беларусі Анатоля Ярмоленкі. Выйшла кранальнае музычнае ўшанаванне да 26 красавіка, якое, аднак, палічылі "занадта сумным". Пасля прэм'еры кліп больш на тэлеэкранах не паказваўся, а "Краму" доўга яшчэ не клікалі на тэлебачанне. "Гэта наш лёс, гэта наш шлях i наш праклён", - відаць, што такія словы з песні здаліся надта крамольнымі тэлевізійным ідэолагам – акцыя апазіцыі "Чарнобыльскі шлях" тады збірала каля 50 000 чалавек. ГЛЯДЗЕЦЬ
Музыкі з фрык-праекта, што спяваюць вясёлыя песні на трасянцы, вырашылі цалкам агаліцца для свайго кліпа. "Все дзевушкі із мяса к нам прыйдут на порцію любві", - выводзіць гадаванец Унівэрсітэта культуры ды акцёр "Свабоднага тэатра" Дзяніс Тарасенка, матляючы чэлесам, а дзве дзяўчыны ў правакацыйных строях у гэты час мыюць бязрукага гукарэжысёра Андрэя Жукава. Кліп з'явіўся на Youtube, але праз некалькі гадзінаў быў выдалены адміністрацыяй відэасэрвіса праз "парушэнні ўмоваў карыстання". "Ды няма там аніякага порна", - адрэагаваў Дзяніс і распаўсюдзіў відэа па іншых магчымых інтэрнэт-каналах. ГЛЯДЗЕЦЬ
4
Вася Шугалей - Я тебя пру
рэжысёр браты Шугалеі, 2001
Паводле сюжэту кліпа, картэж з машынаў з чырвонымі нумарамі спыняецца на палянцы. З аўто выбягае нібы высокапастаўлены чыноўнік і пачынае дурэць, што дзіцё, разам з сваімі ахоўнікамі, напяваючы такія во радкі: "И в холод, и в дождь, и в жару, под шорох листвы на ветру – я тебя пру". Прэзентацыю свайго відэа Шугалей планаваў зрабіць на расійскім МТV, але тэлеканал адмовіўся ад паказу непаліткарэктнага кліпа. Пазней, калі Васі ўжо не будзе ў жывых, гэтую песню ў свой "карпаратыўны" рэпертуар возьме расійскі спявак Грыгорый Лепс. Васіль наогул быў вялікім майстрам тэлеэпатажу – у не менш скандальным кліпе "С днём рождения меня" ён выступае ў вобразе прэзідэнта з навагоднім зваротам, трымаючы ногі ў тазіку, а ў час тэледэбюту ў перадачы "Крок" музыка выдаваў сябе за вар'ята-аматара паэзіі Уладзіміра Някляева, ставячы ў тупік маладога тэлевядучага Ягора Хрусталёва. ГЛЯДЗЕЦЬ
3
Rockerjoker – Америка
рэжысёр Макс Сіры, Міхей Насарогаў, 2009
Дуэт, куды ўваходзяць маргінальны паэт і авангардны режысёр, вырашыў увасобіць у відэа кавер на вядомы хіт "Гуд бай, Америка". У кадры цынічна і брутальна здзекуюцца з галавы мінскага музыкі ды акцёра Іллі Чарапко-Самахвалава, на ілбе якога напісана USA. Пэўна, самае бяскрыўднае, што робяць з гэтай галавой, дык гэта вучаць яе "на гамбургер растягивать рот". Стваральнікі відэа папрасілі не шукаць тут ані палітычных, ані сацыяльных, ані маральных матываў. Ды зазначылі, што ўсяго толькі пераварылі ды выплюнулі той навакольны свет, якім яны харчуюцца штодня. ГЛЯДЗЕЦЬ
Знятае відэа на загалоўны хіт з наступнага альбому "Ляпісаў" – "Маніфест" наогул не трапіла на тэлеэкраны. Паводле яго сюжэту, Міхалок раз'язджае па глухіх вёсках, дзе выступае з прамовамі перад сваім электаратам, у ролі якога зняўся статак з трох сотняў кароў ды яшчэ зайцы, бабры, дзікі ды іншыя жывёлы. У канцы адбываецца шабаш, на якім Міхалок пераўвасабляецца ў чорта. Прэм'ера відэа была ўжо анансаваная, але так і не адбылася. "Ляпісы" паведамілі, што кліп пакладзены на паліцу "праз пратэсты джайнісцкай грамады Беларусі, што ўгледзела ў "Маніфесце" здзек з жывёлаў наогул і "святых" кароў ў прыватнасці". Затое кадр з кліпа Міхалка-чорта стаў вокладкай альбома гурта. ГЛЯДЗЕЦЬ
1
Ляпіс Трубяцкой – Капитал
рэжысёр Аляксей Церахаў, 2007
"Капітал" – самае тытулаванае беларускае відэа, ацэненае на арт-фэстах па ўсім свеце, на беларускім ТВ не паказваюць. Лідэр "Ляпісаў" паўстае ў роліку ў вобразе шасцігаловага Шывы, вакол якога разгортваюцца апакаліптычныя краявіды ды перыядычна выскокваюць некаторыя палітычныя лідэры, такія як Хусэйн, Чавес, Кім Ір Сен. У гэтым жа асацыятыўным шэрагу з'яўляецца кіраўнік беларускай дзяржавы. Сам Міхалок пракаментаваў забарону кліпа
ў сваім стылі: "Кожны кантакт з уладамі – гэта полавы акт, прычым індывід выступае ў якасці пацярпелага, а дзяржава ў якасці гвалтаўніка. Таму мы пазбягаем падобных кантактаў, каб не падчапіць якой свінкі". ГЛЯДЗЕЦЬ