UDF

Новости

Франаку Вячорку пагражаюць крымінальнай справай

pbnf.org
09.05.2009
На незаконна забранага ў войска Ф.Вячорку ўзмацніла ціск камандаваньне вайсковай часткі. Яму пагражаюць крымінальнай справай. Абвінавачваюць у наяўнасьці ў пакоі адпачынку незалежнай прэсы нароўні зь дзяржаўнаю, а перадусім у вядзеньні "Армейскага дзёньніку" на партале naviny.by.

Шараговец Вячорка сярод іншых нататак пра салдацкія будні й сьвяты кажа пра тую самую незалежную прэсу, а таксама пра гадамі не рамантаваную салдацкую душавую ды іншыя сьведчаньні рэальнага клопату дзяржавы пра армію.

Калі раней на шарагоўца Ф.Вячорку спрабавалі псыхалягічна ціснуць палітычныя афіцэры, то цяпер да іх далучылася камандаваньне батальёну: камандзір падпалкоўнік І.Лябедка і начальнік штабу маёр У.Капыловіч. Абодва вярнуліся з нарады ў штабе брыгады ў Баранавічах.

І.Лябедка перад салдацкім шыхтом заявіў, што супраць Ф.Вячоркі за ягоны "Армейскі дзёньнік" на партале naviny.by можа быць узбуджаная крымінальная справа, хаця ня змог растлумачыць, за што і паводле якога артыкулу. У.Капыловіч, які некалькі дзён таму забраў з пакою адпачынку незалежную прэсу, назваў яе "антыдзяржаўнай" і "забароненай ва Ўзброеных сілах". За наяўнасьць незалежных газэтаў у пакоі адпачынку Ф.Вячорка атрымаў пакараньне – пазбаўлены звальненьня. Гэта ўжо трэцяе палітычна матываванае пакараньне салдата за апошні тыдзень.

Незалежныя газэты "Беларусы і рынак", "Газета Слонімская", "Народная воля", "Наша ніва" і "Новы час", якія пасьля прызыву Ф.Вячоркі сталі прыходзіць у частку, чыталі і салдаты, і афіцэры. Але апошняя пошта на імя Ф.Вячоркі прыйшла ва ўскрытых канвэртах, а газэту "Наша ніва" зь яе забралі.

Пасьля шматлікіх зваротаў Ф.Вячорка нарэшце быў дастаўлены ў шпіталь Мазыра, дзе ў яго быў зноў зафіксаваны несумяшчальны са службай у войску ў мірны час крывяны ціск, але так і не праведзенае належным чынам ультрагукавое дасьледаваньне сэрца.

Бацька палітычнага прызыўніка Вінцук Вячорка кажа:

- Раней я казаў, што ня маю прэтэнзіяў да вайсковай часткі, куды патрапіў пасьля незаконнага прызыву сын. Потым даведаўся, што нашчадкі энкавэдзістаў рукамі нашчадкаў бальшавіцкіх палітрукоў спрабавалі зладзіць абструкцыю ў адрас Франака з боку іншых салдатаў. Намякалі, што тыя не атрымаюць добрай характарыстыкі для службы ў міліцыі ці па кантракце, калі будуць зь ім надта кантактаваць. Дзякуй Богу, салдаты нармальныя хлопцы, і зь лягерных прыдумак палітрукоў нічога не атрымалася.

Цяпер ужо камандаваньне батальёну спрабуе яго палохаць нейкай крымінальнай справай – невядома за што. Мала таго што непрыдатнага да службы паводле мэдычных паказьнікаў чалавека гвалтам, са зьбіцьцём і кайданкамі, забралі ў войска, дык яшчэ і ў самім войску яго спрабуюць ламаць? Калі армейскія афіцэры наступаюць на горла ўласнай годнасьці і пагаджаюцца быць саўдзельнікамі брудных справаў спэцслужбаў, наша рэакцыя будзе адпаведная.

Характэрна, што інаўгурацыя "Ўсходняга партнэрства" для Беларусі пазначаная новай хваляй ціску на палітычных прызыўнікоў.



Перейти на сайт