UDF

Новости

“Жывы ланцуг“ у Бярозе

milinkevich.org
27.04.2009
У Бярозе адбылася акцыя, прысвечаная памяці ліквідатараў аварыі на ЧАЭС. Не абышлося без затрыманняў.

А 9-й гадзіне вечара на Цэнтральную плошчу горада Бяроза выйшлі людзі з запаленымі свечкамі. У мерапрыемстве ўдзельнічалі прыхільнікі Руху "За Свабоду" ды іншыя дэмакратычныя актывісты. Акцыя ўжо стала традыцыйнай. Яна ладзіцца 26-га красавіка восьмы год і не ўзгадняецца з чыноўнікамі, бо яе фармат не падпадае пад заканадаўства.

Спачатку ў жывы ланцуг, трымаючы свечкі, выстраіліся 15 чалавек. Стаялі прыкладна гадзіну. Напрыканцы акцыі колькасць удзельнікаў павялічылася да 30 чалавек. Некалькі соцень мінакоў змаглі пабачыць акцыю, многія фатаграфавалі.

– Акцыя праводзіцца, каб нагадаць жыхарам горада пра сумную дату, пра людзей, якія самаахвярна ўдзельнічалі ў ліквідацыі аварыі на Чарнобыльскай атамнай станцыі ў 1986 годзе, – кажа актывіст Руху "За Свабоду" Зміцер Трэцяк.

За мерапрыемствам назіралі каля дзесятка супрацоўнікаў міліцыі. Пасля заканчэння акцыі была затрыманая адна з удзельніц Тамара Шчапёткіна. У Бярозаўскім РАУС жанчыну распытвалі, каго з удзельнікаў акцыі яна ведае. На думку міліцыянтаў, правядзенне мерапрыемства на плошчы, якая з'яўляецца грамадскім месцам, і побач з адміністрацыйным будынкам можа з'яўляцца правапарушэннем.



Перейти на сайт