Вынікі паседжання Цэнтральнага Камітэта

bsdp.org
12 октября 2009, 10:32
11 кастрычніка адбылося пасяджэнне Цэнтральнага Камітэта Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады). З 44 сябраў ЦК БСДП на пасяджэнні прысутнічалі 28 чалавек.

Цэнтральны Камітэт разгледзеў даклад старшыні БСДП Анатоля Ляўковіча "Аб палітычнай сітуацыі і дзейнасці Прэзідыума БСДП пасля ХІІІ з’езду партыі" (нагадаем, што з’езд адбыўся 3 жніўня 2008 г.).

Паколькі з тэкстам дакладу і справаздачамі намеснікаў старшыні партыі сябры ЦК былі азнаёмленыя загадзя, А. Ляўковіч, першы намеснік старшыні БСДП Ігар Маслоўскі і намеснікі старшыні партыі Іван Анташкевіч і Анатоль Сідарэвіч адказалі на пытанні сябраў Цэнтральнага Камітэта.

У спрэчках па дакладзе выступілі адзінаццаць чалавек, у тым ліку генеральны сакратар БСДП Мечаслаў Грыб, сябар Мінскага гарадскога камітэта БСДП Павел Знавец, намеснік старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі і міжнародны сакратар БСДП Валянцін Аскірка, старшыня Аршанскай раённай арганізацыі Фёдар Муханаў, былы кандыдат у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, кіраўнік сябраў партыі ў Полацку Альберт Маркаў, старшыня Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі Вячаслаў Болбат (Баранавічы), сябры Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі партыі Валянцін Лучко (Гродна) і Надзея Грынявецкая (Бабруйск).

Амаль усе прамоўцы закранулі ў сваіх выступленнях інтэрв’ю Анатоля Ляўковіча, якія ён даў у красавіку і кастрычніку 2009 г. газеце "Советская Белоруссия".

На разгляд Цэнтральнага Камітэта БСДП быў вынесены праект пастановы.

Першым пунктам прапаноўвалася падтрымаць зварот Прэзідыума БСДП ад 22 чэрвеня 2009 года "Аб вылучэнні партыйнага кандыдата ў Прэзідэнты Рэспублікі Беларусь і фарміраванні пазітыўнага іміджу Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі" (тэкст звароту апублікаваны на сайце БСДП).

Паколькі зварот не быў абмеркаваны ў гарадскіх і раённых арганізацыях, а таксама на пасяджэннях абласных і Мінскага гарадскога камітэтаў БСДП, гэтая прапанова атрымала падтрымку толькі шасці сябраў ЦК БСДП. Дваццацю галасамі было вырашана абмеркаваць зварот у партыйных арганізацыях.

Другім пунктам праекту пастановы прадугледжвалася, што Прэзідыум БСДП падрыхтуе да наступнага пасяджэння ЦК зварот да А. Лукашэнкі аб наданні бел-чырвона-беламу сцягу статусу афіцыйнага гістарычнага сімвала Беларусі. Гэты пункт не атрымаў падтрымкі большасці прысутных сябраў Цэнтральнага Камітэта. Першы супраць гэтага пункту выступіў П. Знавец. Ён заявіў, што нельга ператвараць нацыянальны сімвал у гістарычны экспанат і нельга звяртацца да тых, хто глуміўся і глуміцца з гэтага сімвалу.

Старшыня Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі В. Болбат паведаміў, што адбылося пасяджэнне ЦРК БСДП, у якім з пяці яе сябраў удзел узялі чатыры. ЦРК аднагалосна вырашыла звярнуцца да Цэнтральнага Камітэта з прапановай склікаць нечарговы з’езд партыі. Гэтая прапанова будзе разгледжана на наступным пасяджэнні Цэнтральнага Камітэта. Для склікання нечарговага з’езду БСДП патрабуецца, каб прапанову Цэнтральнай Рэвізійнай Камісіі падтрымала траціна сябраў Цэнтральнага Камітэта партыі, гэта значыць 15 чалавек.

Цэнтральны Камітэт разгледзеў арганізацыйныя пытанні. У склад Прэзідыума БСДП увайшлі два новыя сябры: Ігар Барысаў (Магілёў) і Мікалай Мяцельскі (Мінск). Новым сябрам Прэзідыума партыі няма яшчэ трыццаці гадоў.

На пасяджэнні ЦК БСДП абмеркаваны таксама некаторыя іншыя пытанні.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовости субъектов ❯ Вынікі паседжання Цэнтральнага Камітэта