UDF

Новости

Скаргу актывіста на дзеянні міліцыі пакінулі без задавальнення

milinkevich.org
10.09.2009
Суд Ленінскага раёна Брэста палічыў ужыванне сілы пры разгоне перфоманса "Памятаем "Ў" правамерным.

Актывіст Руху "За Свабоду" Міхаіл Ільін напісаў скаргу на дзеянні супрацоўніка міліцыі сп. Валковіча і невядомай асобы ў цывільным, якія з ужываннем грубай фізічнай сілы і, пагражаючы збіццём, сарвалі правядзенне перфомансу каля помніка 1000-годдзя Брэста.

На думку актывіста, ад ажыццяўлення пагроз міліцыянтаў яго выратавала прысутнасць побач выпадковых мінакоў.

Міхаіл Ільін лічыць, што затрыманне за перфоманс з'яўляецца адвольным, якое парушае ягоныя правы на свабоду і асабістую недатыкальнасць (пункт 1 артыкула 9 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах), ужыванне фізічнай сілы і пагрозаў супярэчыць артыкулу 7 Міжнароднага пакту аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Актывіст Руху прасіў суд вызначыць асобу чалавека ў цывільным, які разам з міліцыянтам Валковічам сарваў правядзенне перфоманса, а таксама прызнаць дзеянні міліцыянта і асобы ў цывільным неправамернымі.

Нягледзячы на меркаванні экспертаў-праваабаронцаў суддзя Алена Дзенісенка пакінула скаргу актывіста без задавальнення і заявіла, што рашэнне абскарджванню не падлягае.

Актывіст не згодны з такім рашэннем і збіраецца абскарджваць рашэнне суда ў Камітэце па правах чалавека ААН.



Перейти на сайт