UDF

Новости

Якія прадпрымальнікі ідуць у дэпутаты?

Выбарчая кампанія па абранні дэпутатаў мясцовых Саветаў праходзіць актыўна.

Такое меркаванне выказала старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына. Яна паведаміла, што асабліва актыўна паводзяць сябе прадпрымальнікі.

Старшыня Цэнтравыбаркаму кажа, што канкрэтныя лічбы пра колькасьць ініцыятыўных груп кандыдатаў у дэпутаты пачнуць паступаць у ЦВК у суботу:

"Але ўжо нават цяпер, калі ўзяць дадзеныя па Мінску, то ў выбарчых акругах ужо пададзеныя дакументы на рэгістрацыю некалькіх ініцыятыўных груп. І калі казаць пра партрэт патэнцыйнага кандыдата ў дадзены момант у сталіцы, то гэта прадпрымальнік. Гэта альбо прыватнік, альбо прадпрымальнік буйнога рангу — прынамсі, кіраўнік акцыянернага таварыства ды іншых таварыстваў. У асноўным вось такія пасады".

Аднак у рэгіёнах актыўнасць бізнесоўцаў значна ніжэйшая, — кажа "Свабодзе" старшыня праўлення грамадзкага аб’яднання "За свабоднае развіццё прадпрымальніцтва", якое зарэгістраванае ва Украіне, Віктар Гарбачоў:

"Нейкай масавасці і актыўнасці з боку прадпрымальнікаў, асабліва ў рэгіёнах, надта не відаць. Прадпрымальнікі кажуць, што нам трэба займацца сваёй справай, а не гуляць у гэтыя цацкі. А па-другое, вельмі шмат людзей у рэгіёнах, і сярод іх дробныя бізнесоўцы, проста не ведаюць пра тое, што хутка будуць праходзіць выбары, пра іх парадак. Прадпрымальнікі, асабліва рэгіянальныя, сёння зацікаўленыя толькі адным — дзень пратрымацца, ноч прастаяць, і каб іх бізнес быў працаздольным. Таму я б сказаў, што такой ужо актыўнасці няма".

Віктар Гарбачоў кажа, што нават у сталіцы прадпрымальнікі з яго аб’яднання не рвуцца ў дэпутаты:

"Найперш у мясцовыя органы ўлады сёння хочуць ісці прадпрымальнікі, якія маюць дачыненне да чыноўнікаў. Тыя, хто, як я кажу, "крышуецца" чыноўнікамі і вырашае непасрэдна з імі пытанні на месцах. Гэта асабліва характэрна для буйных гарадоў. І дзеля таго, каб стварыць прыгожую карцінку гэтай выбарчай кампаніі, спадарыня Ярмошына спасылаецца на прадпрымальнікаў. У саветы будуць уключаныя прадпрымальнікі. Але толькі тыя, якія лаяльна ставяцца да чыноўнікаў, да іх рашэнняў і сумесна з імі гатовыя рухацца наперад і вырашаць нейкія праблемы. Найперш — свае праблемы".

Сёння Цэнтральная выбарчая камісія прыняла адмысловую пастанову, у якой вызначыла істотныя і неістотныя памылкі пры запаўненні дэкларацый кандыдатамі ў дэпутаты. Раней такога агульнага правіла не было, і кожная камісія сама вырашала, рэгістраваць альбо не рэгістраваць кандыдата, знайшоўшы памылкі ў дэкларацыях.

Лідзія Ярмошына сказала: "Шмат якія камісіі падыходзяць да гэтага пытання вельмі строга, і часам людзей каралі за нязначныя тэхнічныя памылкі. Зараз жа вызначаныя адмысловыя крытэры для таго, каб вызначыць, ці з'яўляецца памылка істотнай альбо не. І калі памылка будзе неістотная, то кандыдат у дэпутаты будзе зарэгістраваны".

На пытанне Радыё Свабода, ці будзе гэтае правіла распаўсюджвацца і на выбары вышэйшых роўняў, Лідзія Ярмошына адказала, што спачатку паглядзіць, што атрымаецца на мясцовых выбарах.



Перейти на сайт