UDF

Новости

Вінцук Вячорка: уплывовыя палітыкі ЗША застаюцца на каштоўнасных пазыцыях

pbnf.org
01.07.2009
Гэльсінскай камісіяй у ЗША традыцыйна называюць Камісію бясьпекі й супрацы ў Эўропе - дэлегацыю ЗША ў АБСЭ. Камісія сур'ёзна ўплывае на фармаваньне вонкавай палітыкі Злучаных Штатаў. Сёньня ў ёй старшынюе сэнатар-дэмакрат Бэнджамэн Кардын, у складзе Камісіі - аўтар Акту аб дэмакратыі ў Беларусі кангрэсмэн Крыстафэр Сьміт. Дэлегацыя ў складзе васьмі кангрэсмэнаў з абедзьвюх палатаў і абедзьвюх партыяў у Менску сустрэлася з А.Лукашэнкам і зь лідэрамі дэмакратычных сілаў.

Пра сустрэчу апавядае яе ўдзельнік, першы намесьнік старшыні БНФ Вінцук Вячорка:

- Лукашэнка затрымаў кангрэсмэнаў на гадзіну (як казалі нам кангрэсмэны, больш за ўсё часу ён патраціў на перакананьне іх, што ў Беларусі выдатная палітычная сытуацыя). Аднак, нягледзячы на пазьнейшую прэсавую канфэрэнцыю, яны правялі з намі нават больш часу, чым было заплянавана. Сэнатар Кардын падкрэсьліў, што іхная мэта - спраўдзіць, ці сытуацыя ў Беларусі адпавядае крытэрам АБСЭ, і яны ня ўпэўненыя ў гэтым. Няма свабодных і справядлівых выбараў, свабоды выказваньня нязгоды, рэлігійнай свабоды, свабоды згуртаваньняў. Не вытрымліваюцца агульныя стандарты правоў чалавека. Б.Кардын сказаў, што ўсе гэтыя тэмы яны закраналі ў гутарцы з Лукашэнкам, і па іх не было згоды.

Кангрэсмэны выказалі павагу да беларускіх дэмакратычных актывістаў, пацьвердзілі, што ўсе выкладзеныя намі зьвесткі й перададзеныя дакумэнты будуць мець непасрэдны ўплыў на фармаваньне палітыкі ЗША стасоўна Беларусі. Ніводзін амэрыканскі даляр не павінен пайсьці на падтрымку тыраніі, сказалі амэрыканскія палітыкі, рэагуючы на засьцярогі беларускіх суразмоўцаў наконт непразрыстасьці эканамічных і любых іншых рашэньняў у Беларусі пад уладай Лукашэнкі.

Старшыні Гэльсінскай камісіі быў перададзены ліст старшыні БНФ Лявона Баршчэўскага пра новую форму рэпрэсіяў - палітычны прызыў непрыдатных да войска па стане здароўя.

Размова пацьвердзіла маё меркаваньне, што ўплывовыя палітыкі ЗША застаюцца на каштоўнасных пазыцыях і не спаўзаюць у багну Realpolitik.



Перейти на сайт