UDF

Новости

Тактыка малых спраў “Моладзі БНФ“

Моладзевыя актывісты БНФ абвясьцілі пра пачатак кампаніі "Моладзь БНФ" — беларускаму народу".

Гэтая кампанія працягнецца 6 месяцаў і будзе складацца з шэрагу лякальных ініцыятываў у розных рэгіёнах Беларусі, дзе ёсьць суполкі арганізацыі. Пра гэта падчас прэсавай канфэрэнцыі ў сядзібе БНФ заявіў адказны сакратар "Моладзі БНФ" Антон Койпіш.

"Гэта асноўная кампанія, зь якой павінна пачаць асацыявацца "Моладзь БНФ". Кампанія "Моладзь БНФ" — беларускаму народу" ўключае ў сябе шэраг кампаній, асноўная тэматыка якіх — непасрэдная дапамога беларускаму народу. Пачаткам гэтай кампаніі стала акцыя 1-га чэрвеня, на дзень абароны дзяцей, па перадачы дзіцячым садкам у падарунак мультфільмаў і кніг на беларускай мове. Сярод праблем, на якія мы мяркуем зьвярнуць увагу ў гэтай кампаніі, ёсьць шмат праблем рэгіянальных. Але ёсьць і агульнабеларускія праблемы".

У Баранавічах "Моладзь БНФ" далучылася да кампаніі супраць расейскага фашызму. Актывіст Павал Самалазаў патлумачыў:

"У Баранавічах зьяўляюцца ўсё новыя і новыя графіці са свастыкай. Гэта графіці кшталту "Беларусь — это Россія", "Барановічі — русскій город", "Вон, хачі". Таксама яны зьбіваюць моладзь, якая лічыць сябе патрыётамі. Гэта такія арганізацыі як "НБП", "Белы полк". Галоўнае — гэта ідэалягічная барацьба. Зараз мы выпусьцілі налепкі "Беларусь без расізму", "Беларусы супраць фашызму", распаўсюджваем іх. Па-другое, мы замалёўваем графіці. Таксама мы падавалі заяву ў пракуратуру, што гэтыя графіці зьяўляюцца і на іх не зьвяртаюць увагі. Таксама зьбіраемся пайсьці ў БРСМ і правесьці супольную акцыю".

Старшыня віцебскай абласной арганізацыі Аляксандар Кузьняцоў апавёў, што актывісты "Моладзі БНФ" пачынаюць кампанію дапамогі інвалідам.

"Зьбіраемся сабраць подпісы, каб зрабілі пандусы на ўездах у навучальныя ўстановы. Бо ў ніводнай школе я ня бачыў пандуса, дзе можна заехаць інваліду-калясачніку. Мы будзем зьбіраць подпісы і падаваць у аблвыканкам, каб зрабілі горад без бар’ераў для кожнага жыхара".



Перейти на сайт