Лявон Баршчэўскі: Рашэньне ЭЗ недальнабачнае
ЗАЯВА
Старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага
ў зьвязку з рашэньнем рады міністраў замежных спраў
Эўрапейскага Зьвязу
Старшыні Партыі БНФ Лявона Баршчэўскага
ў зьвязку з рашэньнем рады міністраў замежных спраў
Эўрапейскага Зьвязу
Як паведамілі замежныя і беларускія СМІ, рада міністраў замежных спраў Эўразьвязу на сваім паседжаньні прыняла рашэньне пра падоўжаньне на працяглы тэрмін мараторыю на візавыя абмежаваньні для прадстаўнікоў беларускага рэжыму.
Лічу такое рашэньне недальнабачным і, у сваёй сутнасьці, памылковым.
Пасьля сфальшаваных “парляманцкіх выбараў” у верасьні леташняга году мы ў Партыі БНФ чакалі, што сьпіс "неўязных у Эўропу" беларускіх службоўцаў будзе перагледжаны ў бок павелічэньня: за кошт "злоўленых за руку" на фальшаваньні выбараў старшыняў і сакратароў выбарчых камісіяў розных узроўняў, кіраўнікоў прадпрыемстваў і навучальных установаў, супрацоўнікаў спэцслужбаў, вінаватых у звальненьні або выключэньні з вучобы актывістаў беларускай апазыцыі, судзьдзяў і пракурораў, якія выносілі палітычна матываваныя, заведама фальшывыя прысуды А.Кіму, С.Парсюкевічу, ахвярам "справы 14-ці", актывістам моладзі Партыі БНФ, "Маладога фронту", іншых арганізацыяў.
Усё адбылося наадварот. Вінаватыя ў рэпрэсіях атрымалі чарговую індульгенцыю з боку эўрапейскіх палітычных структураў, якая можа працягнуцца бясконца. Вось жа, тыя, хто давёў да самагубства праваабаронцу Яну Палякову, шчодра аплочаныя за сваю адданую службу сёньняшнім рэжымам, могуць спакойна разьяжджаць па дэмакратычнай Эўропе, сяліцца ў дарагіх гатэлях, наведваць забаўляльныя мерапрыемствы.
Ня бачу ў сёньняшнім рашэньні высокіх эўрапейскіх палітыкаў ані прыкметаў ужываньня маральных крытэраў, ані простага палітычнага прагматызму, бо цяперашні рэжым – у гэтым можна не сумнявацца – яшчэ ня раз прадэманструе свой цынізм і грэбаваньне элемэнтарнымі правамі чалавека ў Беларусі. Мяркую, што гісторыя належным чынам ацэніць і дзеяньні тых беларускіх палітыкаў, якія, беручы на сябе адказнасьць гаварыць ад імя ўсёй беларускай апазыцыі, дэ-факта спрыяюць прыняцьцю падобных рашэньняў.
Менск, 16.03.2009 г.