UDF

Новости

Дзіцячы прытулак: зусім як у калоніі...

regionby.org
13.04.2009
У Віцебскім дзіцячым сацыяльным прытулку за выхаванцамі глядзяць не нашмат лепей, чымсьці нядобранадзейныя бацькі, ад якіх іх забралі.

Замяніць нядбайных бацькоў проста няма кім: у прытулку катастрафічны брак супрацоўнікаў.

У гэтай спэцыфічнай установе – дзіцячым прытулку, што на вуліцы Залатагорскай, на сёньня 40 дзетак, забраных з родных сем’яў. Пакуль бацькі лякуюцца ад алькагалізму або ўладкоўваюцца на працу, дзеці могуць знаходзіцца тут да шасьці месяцаў. Пасьля яны або вернуцца ў родны дом, або паедуць у інтэрнат ці ў прыёмную сям’ю – калі родныя мама з татам так і не ўсьвядомяць адказнасьці за выхаваньне нашчадкаў.

Мяркуецца, што пэрыяд знаходжаньня ў дзіцячым прытулку мусіць быць пераходным для выхаванцаў: тут іх абсьледуюць мэдыкі, вылечваюць ад пэдыкулёзу ды часоткі, якія ёсьць самымі распаўсюджанымі захворваньнямі ў асацыяльным сямейным асяродку, навучаюць элемэнтарным правілам паводзінаў і зносінаў, калі ў ранейшых умовах жыцьця гэтыя навыкі не былі сфармаваныя. Аднак ці можна пасьпяхова рабіць тое, калі ў прытулку няма элемэнтарна неабходнага: не працуюць душавыя, не хапае посуду ў сталоўцы, а на ложках – бялізна ў плямах ды заплатках…

Няма тут і дырэктара. Абавязкі кіраўніка выконвае сацыяльны пэдагог Ірына Капусьціна, якая тлумачыць сытуацыю так:

– У нас правялі "аптымізацыю" – скрацілі штатны расклад. У выніку двухпавярховаы будынак абслугоўвае ўсяго адна прыбіральшчыца – яна мые і падлогу, і посуд, і санузлы, і вокны. Раней у нас былі два кухары і двое кухонных рабочых, а цяпер ежу для дзяцей гатуюць толькі два чалавекі. Прычым выхаванцаў стала больш, і ў работнікаў пабольшала працы, а вось заробкі засталіся ранейшыя.

Ня так даўно дзіцячы прытулак наведалі віцебскія сябры стваранай партыі БХД – прывезьлі кнігі, сабраныя для тутэйшай бібліятэкі. Каардынатарка – былая настаўніца Тацяна Севярынец была проста ў жаху, ад таго, што ўбачыла:

– Дзяўчаты, якія сустрэліся мне ў вэстыбюлі, адразу сказалі: "Да адміністрацыі мы вас не павядзем, бо махлюем школу, і нас пакараюць". Выхаванцы прытулку мусяць хадзіць у суседнюю СШ №19, аднак робяць яны гэта, як высьветлілася, скрайне нерэгулярна. А сацыяльныя пэдагогі чамусь ня ў стане сачыць за гэтым – у выніку за паўгода ў прытулку дзеці проста забудуць усё тое, што, можа, ведалі раней. А на сакрамэнтальнае пытаньне "Як прайсьці ў бібліятэку?", адказалі, што яна даўно зачыненая. І з выразным недаверам запыталіся: "Скажыце, тыя кніжкі, што вы прывезьлі, нам сапраўды дадуць пачытаць?"


Каб пакінуць кнігі ў прытулку, Тацяне Севярынец давялося шукаць хоць кагосьці з дарослых. Сацыяльныя пэдагогі знайшліся ў кабінэце на другім паверсе, тым часам як на першым без нагляду бавіліся старэйшыя выхаванцы і плакала бабуля, якая прыйшла цішком наведаць пяцігадовага ўнука…

Камісія цэнтру гігіены і эпідэміялёгіі зрабіла выснову, што для належнага функцыянаваньня прытулку неабходна ня толькі вырашыць кадравую праблему, але і зрабіць грунтоўны рамонт, а таксама набыць новы посуд і пасьцельную бялізну.

Сродкаў на гэта ў горадзе традыцыйна няма. Таму ў прытулку чакаюць хіба што спонсарскай дапамогі. І дзеці трываюць усё, як ёсьць. Недарма з унутранага боку ўваходных дзьвярэй знарок няма ручкі, зусім як у калёніі ці псыхіятрычным шпіталі – каб не паўцякалі.



Перейти на сайт