UDF

Новости

Суд па справе «Аўтарадыё»: судзяць слова «плошча»

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
24.02.2011
Першы дзень судовага слухання па справе "Аўтарадыё" ў Вышэйшым гаспадарчым судзе ўяўляў з сябе мовазнаўчыя дэбаты. Усе зацікаўленыя бакі даводзілі сваё бачанне слова "плошча". Уласна з-за гэтага слова Праляскоўскі спыніў вяшчанне адзінай беларускай камерцыйнай радыёстанцыі ў FM-дыяпазоне.

Чыноўнікі палічылі фразу, якую сказаў Саннікаў у сваім перадвыбарчым роліку на "Аўтарадыё", заклікам да ўдзелу ў масавых беспарадках.

Абарона даводзіла, што ў фразе "Лёс краіны вырашаецца не на кухнях, а на плошчы" няма канкрэтыкі – ані месца, ані часу. Да ўсяго, гэтыя ж словы былі змешчаныя ў выбарчай праграме Саннікава, што друкавалася ў дзяржаўных СМІ.

"Чаму тады іх не зачыняеце?" - пыталася адвакат "Аўтарадыё". "Мы вядзем яшчэ аналіз", - стрымана адказала прадстаўніца Міністэрства інфармацыі і не пагадзілася, што слова "плошча" тут мае сімвалічнае значэнне. Паводле Мінінформа, у час выбарчых падзеяў яно набыла цалкам канкрэтны змест: "Калі Саннікаў казаў, што лёс краіны вырашаецца на плошчы, ён яўна меў на ўвазе Кастрычніцкую плошчу, 19-га снежня, у 20.00, пра што неаднаразова казаў раней, і атрымаў папярэджанне ад пракуратуры", - зазначыла чыноўніца, ігнаруючы довад адваката, што на "Аўтарадыё" Саннікаў нікуды не клікаў.

Тое, што прэтэнзіі да радыёстанцыі безпадстаўныя, пацвердзіў і выступ філолага (імя сваё яна папрасіла не называць), якая зрабіла лінгвістычную экспертызу і прыйшла да высновы, што такога жанру як "заклік" у роліку Саннікава няма, а слова "плошча" нават інтанацыйна не вылучана. І дадала ад сябе, што каб даказаць адваротнае, трэба знайсці і дапытаць людзей, якіх ролік на "Аўтарадыё" падштурхнуў да ўдзелу ў акцыі 19-га.

Для "Аўтарадыё" сітуацыя выглядала аптымістычна, але суд у гэты дзень рашэння не прыняў. Суддзя Віктар Шобік вырашыў выклікаць на працэс дырэктара інстутута мовы і літаратуры Акадэміі Навук Аляксандра Лукашанца, які даваў пісьмовае заключэнне, дзе напісаў пра тое, што словы Саннікава ўсё ж можна палічыць за экстрымізм. Супрацоўнікам "Аўтарадыё" суддзя паабяцаў справу не зацягваць і на наступным паседжанні 9-га сакавіка паставіць кропку ў гэтым працэсе.



Перейти на сайт