UDF

Новости

Абарваны спеў Вольгі Самусік

Сяргей Нятрэба, партал навінаў www.UDF.BY
09.12.2010
Вольгу Самусік пахаваюць сёння, 9 снежня. Развітацца з ёй можна ў 11.30 у Мінску па адрасе праспект Ракасоўскага, 40-67.

Навіна пра смерць спявачкі шакавала музычную грамадскасць. Яна памерла ад панкрэатыту, перажыўшы тры аперацыі. Хвароба дала ўскладненне на лёгкія. Апошні месяц правяла ў рэанімацыі.

Вольга не дажыла месяц да свайго 26-годдзя. Яна нарадзілася 7 студзеня 1985 года. Вырашыла пайсці ў журналістыку. Яшчэ да паступлення на журфак БДУ у 2002-м годзе пісала ў "Беларускую маладзёжную", "Народную волю", "Белорусскую деловую газету". Некалькі год пісала пра беларускую музыку ў "Музыкальной газете", падчас працы ў якой і задумала стаць рок- спявачкай. Каб падвысіць патэнцыю ў мужчынскай аўдыторыі, як яна казала.

Першыя спробы Вольгі ў якасці рок-вакалісткі ў гурце Zygimont Vaza безумоўна можна лічыць удалымі. Альбом Distortion з яе вакалам стаў адной з самых яскравых працаў адной з найстарэйшых айчынных рок-камандаў. Але сапраўдны свой талент рок-вумэн яна выявіла ў гурце "Тарпач", калі стварыла на сцэне свой запамінальны правакацыйны вобраз. Тады ёй скарыліся і фэст "Рок-Кола" і "Рок-Каранацыя", калі яна была прызнаная "рок-князёўнай".

Яна хацела няспынна эксперыментаваць, таму заўжды шукала магчымасці для самавыяўлення. Яна спявалала разам з Лявонам Вольскім, Аляксандрам Куллінковічам, гуртом Hasta La Fillsta, удзельнічала ў навагоднім праекце "Такога няма нідзе". І пры гэтым заўжды думала пра ўласны праект, які абавязкова б рэалізавала, каб не было ёй адпушчана такое кароткае жыццё.



Перейти на сайт