UDF

Новости

Падчас высялення сям’і суд высвятляе, як у ёй галасавалі

regionby.org
14.04.2009
Ужо стукнуў гадавы юбілей, як чатырох жанчын Абрамавых брэсцкія ўлады спрабуюць вытурыць з "хрушчоўкі" без прадастаўлення жылля.

Днямі райсуд правёў другое па ліку паседжанне

Сутнасць справы: востра пахне палітыкай

Нагадаем, што спробы высялення пачаліся пасля гучных дэмаршаў сярэдняга пакалення жанок – дваццацігадовай Інгі і дваццацачатырохгадовай Жанны.

Першая пажалілася міністру Навумаву на дрэнныя ўмовы ў ізалятары часовага ўтрымання, дзе яна сядзела сем сутак "за брыдкаслоўе" перад Еўрапейскім маршам.

Другая хадзіла на пікеты і флэшмобы.

Юрыдычныя лабавыя шчаўбаны, кручкі і падножкі

Абласны суд указаў на тое, што заяўнікі іску – гарадзкая камунальная служба КУП ЖРЭУ і гарвыканкам – "няправільна прымянілі норму матэрыяльнага права, няслушна вызначылі прадмет даказвання і кола неабходных доказаў".

Калі больш канкрэтна, дык справа ўпіраецца ў тое, што ў прапісанай у аспрэчанай кватэры Жанны Абрамавай няма аніякай дамовы з уладальнікам, якім з’яўляецца КУП ЖРЭУ. Рэч у тым, што ў 2005 годзе памерла Жаніна бабуля, пасля чаго і не былі аформлены ні найм, ні паднайм.

Апошні стаў бы для заяўнікаў іску падарункам лёсу, але вось прыкрасць: Жанна Абрамава прапісаная ў кватэру на правах унучкі. Летась камунальнікі, няйначай, спрабавалі вырабіць сабе падарунак лёсу ўручную, бо юрыст КУП ЖРЭУ прынесла ў суд дакумент, паводле якога Жанна Абрамава была прапісаная ў аспрэчанай кватэры адно з 10 красавіка 2003 года, а значыць, жыла разам з бабуляй менш за пяць гадоў і, адпаведна, мела менш шанцаў прэтэндаваць на гэтае жыллё паводле артыкула 29 Жыллёвага Кодэкса Рэспублікі Беларусь. Але "фінт левай" не прайшоў – праваабаронцы выкрылі хітрыкі. Сёлета ўсе змірыліся з правільнасцю штампіка аб прапісцы ў пашпарце ўнучкі: 10 студзеня 2003 года.

Абрамавы не прыватызавалі двухпакаёўку, у якой пражылі 20 гадоў, але і ніколі з яе не высяляліся, хоць сям’я павялічылася: з украінскай Чарнобыльскай зоны прыехала бабуля і нарадзілася трэцяя дочка. Частка сям’і выпісалася ў набыты вясковы дом, а ў кватэру прапісалі бабулю і ўнучку Жанну. Наймальнікам кватэры у рэшце рэшт аформілі бабулю. Пасля яе смерці пераафармленне найму на Жанну зацягнулася (паводле маці сямейства Інгі Уладзіміраўны Абрамавай, дык тармазілася ЖЭСам: то чэкі "Жыллё" і "Маёмасць" згубілі, то сказалі, што Жанне трэба пражыць у кватэры тры гады, а потым… Цягамоціна вяла працякала тры гады, аж пакуль не зведала рэзкае абвастрэнне летась. Як для дзяўчат, дык у Абрамавых і так непрыемнасцяў было цераз край. І з работы іх дружна звольнілі, і па сутках-пастарунках цягалі нямерана. І вось – "… сожгли родную хату"?

Па новым крузе


На дзіва, гарвыканкам і гарадзкая камунальна-эксплуатацыйная служба на новы разгляд новаму суддзі прынеслі… непамяняны іск! Яго фармулёўка засталася ранейшай. Выходзіць, фактычна ігнаруюць вердыкт касацыйнага суда?

Суддзя Таццяна Міранюк лічыць за патрэбнае адпрацаваць увесь ранейшы матэрыял. Метадычна выклікае ўсіх ранейшых сведкаў, як і папярэдняя суддзя Рэуцкая, бярэ ў разгляд зусім немагчымыя ў цывілізаваным свеце доказы.

Так, нягледзечы на асцярожныя пратэсты адваката, яна апытала маці Інгу Уладзіміраўну Абрамаву, ці праўдзівыя прадстаўленыя КУП ЖРЭУ (!) звесткі, што паўнагадовыя Абрамавы не з’яўляліся на галасаванні з аспрэчанай кватэры (маўляў, там не жылі). Цікава, адкуль у камунальнай службы звесткі, якія з’яўляюцца таямніцай грамадзянаў і якія нават суд у нетаталітарнай краіне не стаў бы, відаць, запытваць у Цэнтральнай выбарчай камісіі ў чыста бытавой судовай спрэчцы.

Потым адкрыўся новы шлях. Суддзя адклала прапанову адваката аб урэгуляванні справы ў судзе шляхам узаемнай адмовы ад іскаў і вырашыла неадкладна абследаваць жыллёвыя ўмовы Абрамавых.

Вышэй нерваў


Абрамава-старэйшая сказала, што не верыць "усім вашым судам", ніякіх камісій прымаць не ў стане, бо пачуваецца блага, і сыйшла з будынку суда.

Што ж: ужо год ідуць суды – на таблетках чалавек…

Наступнае паседжанне прызначана на 23 красавіка.



Перейти на сайт