UDF

Новости

Мілінкевіч склікае Кангрэс праеўрапейскіх сіл

"Мы"
19.05.2009
Па інфармацыі "Мы", бліжэйшымі днямі вялікай колькасці дэмакратычных актывістаў будзе дасланы ліст ад старшыні руху "За свабоду" Аляксандра Мілінкевіча. Адрасатаў будзе блізу 5-6 тысяч – пераважна гэта ўдзельнікі прэзідэнцкай выбарчай кампаніі 2006 года (сябры розных арганізацый, партый, беспартыйныя). Прычым ліст за подпісам палітыка прыйдзе кожнаму з іх не па электроннай пошце, а жыўцом. То бок, звычайнай поштай.

Мілінкевіч шмат казаў апошнім часам пра тое, што апазіцыі варта зладзіць работу над памылкамі і рэфармаваць дзейнасць з мэтай пашырэння свйго ўплыву. Рухаўская каманда, па ўсім, пераходзіць ад словаў да практыкі. І першы ход (працаёмісты, але патэнцыйна эфектыўны з пункту гледжанная палітычнага маркетынгу) робіцца на ангажаванне, так бы мовіць, у гэтую самую практыку актывістаў самых розных стурктур.

Як мінімум, Мілінкевіч патлумачыць наўпрост сваю пазіцыю апошняга часу наконт дачыненняў з Еўропай і ўладамі, якая зазнала рэзкай крытыкі шэрагу апазіцыйных лідэраў. І паспрабуе папулярызаваць яе. А тая канкрэтыка, якую прапануе рух "За свабоду", безумоўна, разварушыць апазіцыйнае асяроддзе. Іншае пытанне – з якім вынікам.

Галоўнае пасланне Мілінкевіча ў згаданым лісце – кансалідацыя праеўрапейскіх сілаў. Як ідэйная, так і структурная. Так, Мілінкевіч склікае сёлета форум прыхільнікаў еўраінтэграцыі – пад працоўнай назвай Кангрэс праеўрапейскіх сілаў.

"У сувязі з апошнімі палітычнымі падзеямі хачу звярнуцца да Вас і выказаць свае меркаванні адносна сітуацыі ў краіне і вакол яе. Мне важна, каб Вы ведалі маю пазіцыю непасрэдна ад мяне", - гаворыцца ў лісце Аляксандра Мілінкевіча, тэкст якога трапіў у рэдакцыю "Мы".

Ранейшая палітыка Еўрасаюзу, па словах палітыка, "успрымалася беларускімі ўладамі як ультыматум і не дазваляла ім, не згубіўшы твару, весці хоць які канструктыўны публічны палітычны дыялог з аб’яднанай Еўропай". Прыняць вядомы тузін умоваў рэжым не мог: "Бо іх выкананне прывяло б да дэмантажу сёняшняй палітычнай сістэмы і страты ўлады дзеючым кіраўніком краіны".

Да таго ж, піша Мілінкевіч, гэтыя ўмовы не былі падмацаваныя "хоць якімі сістэмнымі дзеяннямі, якія дазвалялі б ствараць адпаведныя механізмы карэкціроўкі беларускай дзяржаўнай палітыкі. А пазіцыя Еўрасаюзу адносна Беларусі выглядала, з названай вышэй прычыны, фармальнай і пасіўнай".

Што да Расіі: "Да нядаўняга часу адсутнасць хоць якіх палітычных перспектываў у заходнім накірунку рабіла сітуацыю для беларускіх уладаў "патавай". Рэжым не мог спыніць праект "Саюзная дзяржава" і не меў магчымасці распачаць палітычны дыялог і эканамічнае супрацоўніцтва з ЕЗ. А гэта адзіны рэальны партнёр па мадэрнізацыі беларускай гаспадаркі, без чаго мы рызыкуем пазбавіцца нашага суверэнітэту".

Пра новую палітыку ЕС ў дачыненні да Беларусі. Мілінкевіч даводзіць, што там пачалі "праводзіць больш гнуткую палітыку крытычнага дыялогу і дазаванага супрацоўніцтва, ступень якога будзе залежыць ад рэальных крокаў у кірунку дэмакратызацыі краіны. Мэта гэтага дыялогу і супрацоўніцтва – уцягванне беларускіх уладаў у паступовы працэс рэфармавання эканамічнай і палітычнай сістэмы краіны, які раней ці пазней павінен прывесці да трансфармацыі сённяшняй мадэлі палітычнага ладу. Рэалізацыя новай палітыкі ЕЗ павінна адбыцца праз далучэнне Беларусі да праграмы "Усходняе партнёрства".

Пра дыялог і апазіцыю, што ёсць самым балючым пытаннем для многіх дэмактывістаў. "Падзел унутры сённяшняй беларускай апазіцыі палягае на тым, што адны працягваюць змагаюцца выключна супраць Лукашэнкі, а другія – перадусім за Беларусь і яе еўрапейскі выбар. Спадзяванні першых – на крызіс, які нібыта аўтаматычна ліквідуе дыктатуру. Другія, і я ў тым ліку, не бачаць ніякага лепшага альтэрнатыўнага палітычнага праекту, чым збліжэнне Беларусі з ЕС", - гаворыцца ў лісце Мілінкевіча.

"Сёння структуры Еўразвязу спрабуюць шчыльна працаваць з уладай, каб з дапамогай эканамічных стымулаў спрыяць працэсам павароту нашай краіны да большай адкрытасці і прадказальнасці. Улады, са свайго боку, падаюць сігналы, што яны могуць пайсці на некаторую эканамічную лібералізацыю. Пры гэтым вядома, што дэмакратызацыя грамадска-палітычнага жыцця – далёка не прыярытэт для беларускага рэжыму. А таму галоўная роля ў гэтай справе мусіць належыць грамадзянскай супольнасці. Аб’яднаная Еўропа не будзе вырашыць за нас пытанні дэмакратызацыі беларускага грамадства. Гэта марныя спадзяванні. Весці наўпроставую няспынную працу з грамадзянамі нашай краіны можам і абавязаныя толькі мы", - піша лідэр руху "За свабоду".

Мілінкевіч даводзіць, што "сёння выключна важна адзінства і аб’яднанне патэнцыялу беларускіх праеўрапейскіх сілаў. Мы мусім прадэманстраваць, што нас шмат, што мы разам у імкненні далучыць Беларусь да працэсаў еўрапейскай інтэграцыі, што мы гатовыя да рашучых дзеянняў дзеля таго, каб “еўрапейскі выбар” Беларусі быў зроблены канчаткова і незваротна".

А "першым крокам павінен стаць Кангрэс праеўрапейскіх сілаў Беларусі з удзелам вядучых палітыкаў аб’яднанай Еўропы. Мы павінны разам абмеркаваць еўрапейскія перспектывы для нашай краіны, вызначыць практычныя крокі. Гэты Кангрэс мусіць стацца форумам усіх прыхільнікаў еўрапейскай Беларусі".

Мілінкевіч заклікае "актывістаў усіх палітычных партыяў, грамадскіх арганізацыяў, ініцыятываў, усіх грамадзянаў Беларусі, якія падзяляюць ідэю еўрапейскага выбару для нашай краіны, распачаць працу па падрыхтоўцы Кангрэсу праеўрапейскіх сілаў. Пачаткам гэтай працы мусіць стацца стварэнне ініцыятыўных групаў па правядзенні рэгіянальных сходаў, каб вылучыць дэлегатаў Кангрэсу".

Такім чынам, у трансфармаваных палітычных варунках рух "За свабоду" ініцыюе пэўную рэформу і перафарматаванне дэмакратычных сілаў.

Ініцыятыву руху "За свабоду" можна лічыць мабілізацыяй дэмакратычных актывістаў з ангажаваннем іх у працэс спрыяння і фарсіравання еўраінтэграцыі Беларусі. Сапраўды, шмат хто з апазіцыянераў удаўся апошнім часам у апатыю, але ці натхніць іх Мілінкевіч сваёй самакрытыкай і артыкуляцыяй намераў займацца палітыкай па-новаму – з акцэнтам на вынік, а не на дэманстрацыю? Многае будзе залежаць ад асабістага аўтарытэта лідэра руху "За свабоду", ад агульнай эвалюцыі падыходаў дэмактывістаў і іхняга стаўлення да ўнутры і і знешнепалітычнага мэйнстрыму.

Правядзенне КПС можа стаць праверкай рэсурсу дзеяздольнасці і настраёвасці апазіцыі па ўсёй краіне. І само сабой, рух "За свабоду", прэтэндуючы на лідэрства, мае на мэце праверыць свой патэнцыял і празандаваць сітуацыю. І ў сувязі з эвалюцыянаванай тактыкай, і напярэдадні прэзідэнціх выбараў.

Можна меркаваць, што зварот Мілінкевіча будзе з раздражненнем успрыняты партыямі, якія звінавацяць яго ў чарговай спробе перацягвання кадраў.



Перейти на сайт