UDF

Новости

Пакаралі за перамогу над Лукашэнкам?

Хакейная зборная Гомельскай вобласці пад кіраўніцтвам Яўгена Лебедзева выйграла ў каманды, за якую гуляў кіраўнік дзяржавы. Ужо на наступны дзень спецыяліст застаўся без працы.

У панядзелак стала вядома, што назіральны савет жлобінскага хакейнага клуба "Металург" датэрмінова разарваў кантракт з галоўным трэнерам каманды 49-гадовым Яўгенам Лебедзевым. Прычыны такога нечаканага рашэння не каментуюцца, але вядома, што да канца месяца ў "Металурга" з'явіцца новы настаўнік.

Яўген Лебедзеў паабяцаў пракаментаваць сітуацыю пасля таго, як пабачыць дакумент з матывіроўкай звальнення. Задача на сезон была выкананая — "Металург" заваяваў бронзавыя медалі чэмпіянату Беларусі. Да таго ж, Лебедзеў ачольваў каманду ад моманту яе стварэння ў 2006 годзе.

Адзначым, што напярэдадні свайго звальнення Яўген Лебедзеў прывёў да перамогі Другіх рэспубліканскіх спаборніцтваў па хакею сярод аматарскіх камандаў на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба зборную Гомельскай вобласці. У рашаючым матчы каманда, якой кіраваў Лебедзеў, нечакана для многіх перамагла дружыну прэзідэнта Беларусі, за якую выступаў сам Аляксандр Лукашэнка — 9:8. Дагэтуль перамагчы прэзідэнцкую каманду не баялася хіба толькі зборная "Газпрама"...

Зборная Гомельскай вобласці, дарэчы, была ўмацаваная гульцамі "Гомеля" і "Металурга". І гэта ў той час, як каманда Лукашэнкі была "аслабленая" праз адсутнасць Міхаіла Захарава, які не гуляў з-за траўмы, і Уладзіміра Цыплакова, што паехаў на таварыскія матчы зборнай Беларусі ў Францыю.

Вядома, магчыма, адбыўся збег абставін і мінская перамога не мае дачынення да звальнення Яўгена Лебедзева. Нельга выключыць і таго, што назіральны савет "Металурга" проста "перастрахаваўся", засцерагаючыся "разбораў палётаў". Як бы там ні было, але застаецца надзея, што хакейны спецыяліст усё ж распавядзе СМІ пра матывіроўку, якую цяпер, верагодна, прыдумляюць у Жлобіне.



Перейти на сайт