UDF

Новости

Каму на руку “камерцыялiзацыя“?

Рыгор Кастусёў, для UDF.BY
29.05.2013
"У Беларусі непрыватызаванае грамадзянамі жыллё будуць пераводзіць у камерцыйнае", – заявіў міністр жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ Андрэй Шорэц, адказваючы на пытанні дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу РБ у час паседжання сесіі 17 мая 2013 года.

Пры гэтым міністр адзначыў, што праект указа аб пераводзе жылых памяшканняў, прадастаўленых грамадзянам па дагаворах найму, у разрад камерцыйных ужо распрацаваны, узгоднены і рыхтуецца для накіравання Прэзідэнту.

Выслухаўшы дадзены адказ, "народныя абраннікі" нават і вухам не павялі і не задумаліся - а для чаго гэта робіцца, ці закранаюцца тут інтарэсы беларускіх грамадзян. Бо зусім нядаўна, 2 сакавіка 2013 года ўступіў у сілу новы Жыллёвы кодэкс РБ, які ўжо прадугледжвае ўвядзенне платы за карыстанне пямяшканнем дзяржаўнага жыллёвага фонду.

А сапраўды, з якой нагоды рыхтуецца новы Указ, і што ён прынясе беларускім грамадзянам? Бо яшчэ не паспелі высахнуць чарнілы пасля падпісання і ўступлення ў сілу новага Жыллёвага кодэкса, а ўжо прымаюцца рашэнні, якія не адпавядаюць яго палажэнням.

На сёння ў нашай краіне налічваецца 392 тысячы непрыватызаваных кватэр, што складае каля 14% ад агульнай колькасці жылля. Частка з іх - гэта кватэры непрыватызаваныя грамадзянамі па розных прычынах, калі кошт прыватызацыі быў мінімальны. Астатнія – гэта кватэры пабудаваныя напрыканцы 20-га, і 21-ым стагоддзі, калі правілы прыватызацыі былі зменены.

Гісторыя пераменаў і рэформаў у жыллёвай сферы распачалася ў 1991-92 гадах, з часоў падрыхтоўкі і ўведзення ў дзеянне Закона аб прыватызацыі.

Да 1999 года ў РБ было прыватызавана каля 1 млн. кватэр. Прыватызацыя жыллёвага фонду дазволіла стварыць уласніка , забяспечыла фармаванне другаснага рынку жылля, паслужыла асноўным фактарам увядзення жылля ў абарот як тавара.

У той жа час, прыватызацыя не змагла стаць той чаканай рэсурснай базай, што неабходна была для павелічэння жыллёвага фонду краіны, як гэта планавала беларускае кіраўніцтва. Дазволіўшы прыватызацыю каля міліёна кватэр, дзяржава атрымала ад гэтага мінімальную колькасць сродкаў, якіх хапіла на будаўніцтва ўсяго толькі 1100 новых кватэраў.

У першую чаргу гэта было звязана з інфляцыйнымі працэсамі ў эканоміцы краіны. Бо на працягу 90-х гадоў прыватызацыя жылля пабудаванага за савецкім часам і першыя гады незалежнасці стабільна праводзілася ў коштах 1991 года, і сродкі паступаўшыя ад прыватызацыі абясцэньваліся.
Згодна новага беларускага заканадаўства прыватызацыя жылля можа адбывацца толькі на платнай аснове, у коштах праіндэксаваных да сучасных рэаліяў у сферы будаўніцтва з улікам тэрмінаў амартызацыі.

У многіх суседніх краінах постсавецкай прасторы, напрыклад у Расіі, прыватызацыя да гэтай пары адбываецца на безкаштоўнай аснове.

Для прыватызацыі жылля беларускія ўлады дазволілі выкарыстоўваць атрыманыя і своечасова перарэгістраваныя чэкі "Жыллё". Але вялікай фінансавай нагрузкі гэтыя чэкі ўжо не нясуць, таму яны мала паўплываюць на кошты кватэр. Ды і маюць іх менш паловы жыхароў непрыватызаваных кватэраў.

Прыватызацыю Ў Беларусі дазваляецца праводзіць у растэрміноўку працягласцю да 40 год, але першасны прыватызацыйны разавы ўнёсак на працягу года пасля афармлення дакументаў на прыватызацыю павінен адпавядаць 10% ад кошту кватэры. Што для грамадзян пражываючых у дамах, пабудаваных у апошнія дзесяцігоддзі мінулага стагоддзя, будзе раўняцца ў эквіваленце прыкладна каля 1,5 тыс. долараў. Для тых жа, хто пражывае ў больш новых дамах, памер першаснага ўнёску з разліку за 2-х пакаёвую кватэру ўзрасце на 0,5 – 1,0 тыс. долараў.

Для грамадзян, якія на працягу года пасля падпісання Прэзідэнтам Указа аб пераводзе непрыватызаванага жылля ў камерцыйнае, не прымуць рашэнне аб афармленні дакументаў на прыватызацыю, кожны месяц будзе налічвацца арэндная плата за карыстанне ў памеры каля 50% ад рынкавага кошту арэнды жылля. Што, у залежнасці ад населенага пункту, будзе складаць ад 50 да 170 долараў . У іншым выпадку кватэры будуць пераводзіцца ў статус сацыяльных з забаронай далейшай прыватызацыі.

Такім чынам беларускія ўлады прымушаючы сваіх грамадзян паўторна аплочваць пабудавнае за іх жа кошт жыллё, імкнуцца вырашыць пытанне забяспячэння бюджэтнага фінансавання сферы будаўніцтва, куды гэтыя сродкі павінны накіроўвацца згодна беларускага заканадаўства. А гэта трыліёны беларускіх рублёў, якія часткова будуць расходваны на будаўніцтва жылля “патрэбным” людзям, часткова будуць раскрадзены…, як гэта было ў мінулыя гады.

Напрыклад, толькі ў 2010 годзе ў сферы будаўніцтва, па заключэннях прадстаўнікоў сілавых структур РБ, было скрадзена каля 730 мільярдаў рублёў бюджэтных сродкаў, што на той час пераўзыходзіла агульны кошт зданага ў гэты год у эксплуатацыю такога аб’екта як “Мінск-Арэна”, або раўнялася кошту 60 тыпавых, панэльных, шматкватэрных дамоў у г.Мінску…

Дык што, можа “народныя абраннікі” не ведаюць аб гэтых фактах? Ведаюць, ды маўчаць, бо спадзяюцца - можа і ім штосьці перападзе.

Што яшчэ прыдумаюць у хуткім часе беларускія чыноўнікі, каб працягнуць рабаўніцтва свайго народа? Пажывём, пабачым…



Перейти на сайт