UDF

Новости

Названы галоўны беларускі кліп 2009 года

Сяргей Нятрэба, www.udf.by
04.01.2010
Кліп "Восеньскі вальс" мінскага рэпера Vinсent’а быў прызнаны найлепшым беларускім музычным відэа. Арганізатары прэміі "Кліп-марафон" прызнаюцца, што ў 2009 годзе мала з чаго было абіраць – беларускі кліп-рух ізноў запаволіўся.

Галасаванне праходзіла на старонцы NetRadio. Арганізатар прэміі Міхал Нядзвецкі кажа, што ў 2009 годзе беларускага відэа было знята небагата. У "Кліп-марафоне" да ўліку бяруцца толькі ролікі на беларускамоўныя песні. Такіх было ўсяго з два дзесяткі – нацыянальныя тэлеканалы беларускамоўных выканаўцаў не надта шануюць, а "Белсат" у мінулым годзе практычна прыпыніў вытворчасць кліпаў беларускіх музыкаў.

Па выніку галасавання 3-яе месца - за працай Наталлі Чатковай на песню Алеся Камоцкага "Знайдзі мяне", другое – за відэа "Карыда" ад IQ48 вытворчасці палякаў TV Working Studios. А першае месца досыць нечакана заняла праца Аляксандра Меліхаўца на песню "Восеньскі вальс", што выконвае Vinсent.

Сёлета арганізатары "Кліп-марафона" плануюць зладзіць вялікае канцэртнае шоў, дзе будуць узнагароджаныя не толькі аўтары найлепшых кліпаў 2009 года. Па задуме "кліпмарафонаўцаў", на цырымоніі будуць таксама падсумаваныя вынікі першага дзесяццігоддзя ХХІ стагоддзя і названае найлепшае відэа за гэты час.



Перейти на сайт