UDF

Новости

У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

"МЫ"
20.12.2009
19 снежня ў Рагачове на Старых могілках адбылося ўрачыстае адкрыццё помніка на магіле бабулі пісьменніка Уладзіміра Караткевіча. Да гэтага часу магіла была недагледжаная – з зямлі проста тырчэў жалезны крыж, ніякай таблічкі і надпісу не было.

Адметна, што грошы на помнік сабралі прыхільнікі творчасці пісьменніка – крыху больш за месяц таму журналіст і паэт Глеб Лабадзенка вывесіў у сваім блогу заклік сабраць грошы на помнік. Літаральна за два тыдні неабходная сума, каля 800 тысяч, сабралася – помнік быў замоўлены ў рагачоўскай фірме і ўсталяваны ў апошні момант перад маразамі.

На адкрыцці помніка прысутнічаў ініцыятар акцыі Глеб Лабадзенка, а таксама паэт Сяргей Панізнік, блізкі прыяцель Уладзіміра Караткевіча. Літаральна перад выездам з Мінска спадар Панізнік напісаў верш пра падзею.

Адметна, што на адкрыцці былі і прадстаўнікі мясцовай улады – начальнік аддзела культуры і галоўны ідэолаг Рагачоўскага раёна. Яны надзвычай прыхільна паставіліся да ініцыятывы грамадскасці, а таксама агучылі план дзяржаўных мерапрыемстваў на наступны юбілейны год – у якім Уладзіміру Караткевічу споўнілася б 80… Сярод планаваных мерапрыемстваў – перайменаванне часткі вуліцы Чкалава ў вуліцу Караткевіча, адкрыццё мемарыяльнай дошкі на хаце, усталяванне помніка герою "Ладдзі Роспачы" рагачоўцу Гервасію Выліваху.

Рагачоў – знакавы горад для Караткевіча. Тут стаіць ягоная дзедаўская хата, сюды ён ездзіў летаваць школьнікам, пазней – прыязджаў сюды пісаць. Тут былі створаныя "Ладдзя Роспачы", "Сівая легенда", "Віно дажджоў", часткова "Каласы пад сярпом тваім"…

Пасля адкрыцця помніка на могілках у мясцовым краязнаўчым музеі прайшла вечарына, на якой спадар Панізнік згадваў Караткевіча, презентаваў дыск "Галасы" з арыгінальнымі запісамі голасу Караткевіча, Барадуліна і Геніюш, якія ён выканаў у 1968 годзе. Скончылася вечарына сумеснай гарбатай з малінавым варэннем.

У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

1. Дырэктар рагачоўскага музея Андрэй Чарняўскі у часе адкрыцця помніка на могілках


У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

2. Нягледзячы на мароз, на могілках сабралася больш за дваццаць чалавек


У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

3. Сяргей Панізнік чытае напісаны сёння зранку верш пра адкрыццё помніка


У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

4. Прамаўляе ініцыятар усталявання помніка журналіст Глеб Лабадзенка


У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

5. Помнік атрымаўся дыхтоўны і шляхетны – як сама бабуля Караткевіча Людміла Барысевіч


У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

6. Адметна, што пры ўсталяванні помніка быў захаваны стары крыж – яго пачысцілі і пафарбавалі


У Рагачове адкрылі помнік бабулі Караткевіча

7. Імпрэза ў музеі прайшла ў цёплай і сяброўскай атмасферы



Перейти на сайт