UDF

Новости

Містычная прэзентацыя таямнічай кнігі

Сяргей Нятрэба, www.udf.by
25.11.2009
Дзесятак аўто замежных паслоў, шмат знаёмых твараў на прыступках Купалаўскага – ад мастака Алеся Марачкіна да колішняга алімпійскага чэмпіёна Уладзіміра Парфяновіча. Квіткоў у касе не прадаецца – уваход толькі па запрашальніках. Афішаў з інфармацыяй таксама не знайсці. На пытанне цікаўнага мінака: "Што сёння паказваюць?" адзін з гасцей таямніча ўсміхнуўся і адказаў: "Вялікую Кнігу".

У Купалаўскім у гэты вечар сапраўды прадстаўлялі незвычайны праект, які зваўся "Вялікая кніга ВКЛ". Багата ілюстраваны том на 552 старонкі выдадзены пад скураной вокладкай і аздоблены старажытнымі залатымі літарамі. Але не толькі выглядам кніга ўнікальная. У яе распрацоўцы ўзялі ўдзел навукоўцы і творцы трох краінаў, кожная з якіх доўгі час даказвае сваю прыналежнасць да гісторыі Вялікага Княства.

"Гэта першая спроба зірнуць на спадчыну Вялікага княства як на агульны набытак", - абвяшчае са сцэны вядучы і запрашае на сцэну вядомага польскага мастака Анджэя Струмілу. Менавіта ён разам са сваімі сябрамі – літоўскім літаратурным класікам Томашам Ванцлавам і паэтам Чэславам Мілашам колісь задумалі гэты праект.

Мэта простая – даць магчымасць выказацца літоўскім, польскім, беларускім інтэлектуалам пра гісторыю ВКЛ у кантэксце сённяшняга часу. Галоўная ж думка праекту – старадаўняе Вялікае княства – гэта прататып цяперашняга Еўрасаюза. "Менавіта Вялікае княства стала месцам першай спробы суіснавання культур і рэлігій на прынцыпах роўнасці і талерантнасці", - зазначыў прафесар Струміла, аўтар прадмовы да "Вялікай кнігі".

Прэзентацыя сабрала поўную залю Купалаўскага, хоць большасць прысутных наўрад ці займеюць прадмет прэзентацыі ва ўласную бібліятэку. Кніга выдадзена накладам усяго 1000 асобнікаў і прадавацца не будзе, атрымаюць яе толькі буйныя бібліятэкі трох краінаў. З гэтай нагоды адзін з аўтараў эсе ў "Вялікай кнізе ВКЛ" Сяргей Дубавец назваў прэзентацыю містычнай і зазначыў:

"Такі інтарэс сведчыць пра тое, што не столькі кніга, колькі сама ідэя прывяла сюды людзей. Невядома, у якой форме адрадзіцца ідэя ВКЛ ў будучыні, але мне падаецца, што людзі ў Беларусі мараць пра Вялікае княства. Калі ідэі авалодваюць дастатковай колькасцю народа, яны набываюць матэрыяльную сілу".

Містыкі дадалі і акторы Купалаўскага тэатру, што з каменнымі выразамі твараў зачытвалі фрагменты кнігі. Са сцэны гучала: "Нічога ў прыродзе не знікае бясследна. Вялікае княства ўсяго толькі перасталі маляваць".



Перейти на сайт