UDF

Новости

Віншуйце па-беларуску!

Мінскі дызайнер Раман Шык прапанаваў хіт сезону – беларускамоўныя паштоўкі.

Цікава, што на момант з’яўлення ідэі сам аўтар быў чалавекам рускамоўным. Аднак новы праект так захапіў Рамана, што ён пачаў вывучаць родную мову. І з журналістам "Салідарнасці" гаварыў па-беларуску.

Віншуйце па-беларуску!

— Акрамя сваёй асноўнай працы дызайнерам па рэкламе, у свабодны час я люблю маляваць што-небудзь вясёлае: коміксы альбо карыкатуры, — распавядае Раман. — Аднойчы мая знаёмая Аксана Бразевіч, майстар па манікюру, разглядала гумарыстычны часопіс з маімі малюнкамі. І раптам кажа: "Чаму б табе не паспрабаваць рабіць свае паштоўкі?"

На гэта я адказваю, што таксама пра гэта думаў, але паштовак прадаецца вялікая колькасць на любы густ і будзе вельмі складана канкурыраваць з расійскімі выдавецтвамі, якія даўно захапілі беларускі рынак і так проста нікога туды не пусцяць.

"А давай рабіць паштоўкі на беларускай мове. Іх нідзе няма", — прапанавала Аксана.

Я задумаўся ўсяго на дзве-тры секунды, а потым выгукнуў: "Ідэя — супер!" Нават за такі кароткі час паспеў уявіць аддзел паштовак у кнігарні і пакупнікоў, якія, перабіраючы дзесяткі розных рускамоўных паштовак, трапляюць на беларускую і адразу вырашаюць купіць менавіта яе.

Віншуйце па-беларуску!

Ідэя настолькі захапіла мяне, што ўжо праз некалькі дзён я выйшаў з гарвыканкама, трымаючы ў руках пасведчанне індывідуальнага прадпрымальніка. Наступныя два месяцы быў заняты распрацоўкай і маляваннем паштовак. Нарэшце яны былі гатовыя. 16 розных відаў – увесь пачатковы асартымент.


— Ты друкаваў іх на ўласныя грошы?

— Так. Праз месяц забраў невялікі тыраж з друкарні і пайшоў па крамах прапаноўваць сваю прадукцыю на рэалізацыю. Большасць адразу згадзіліся.

Бывала, пакуль паказваю дырэктару магазіна "тавар", усе астатнія супрацоўнікі збягаюцца: ім таксама вельмі цікава паглядзець на новыя беларускія паштоўкі, як на нешта неверагоднае. Усе настолькі прызвычаіліся да таго, што паштоўкі бываюць толькі на рускай мове, за выключэннем некалькіх з банальнымі "Віншую!" і "Са святам!" з фотаздымкамі кветак.

Так паступова назбіраліся 23 гандлёвыя кропкі, у якіх мае паштоўкі прадаюцца: "Светач", аддзел ГУМа, дзе аздабляюць падарункі, ды іншыя.


— І што, ніхто не адмаўляўся ад тваіх паштовак?

— На жаль, ёсць некалькі прадаўцоў, якія ўпарта не хочуць супрацоўнічаць. Кажуць, у іх дастаткова пастаўшчыкоў. "Усе мае паштоўкі толькі на беларускай мове. Такіх яшчэ не было", – спрабую іх пераканаць. У адказ чую: "А нам все равно."

Але я не збіраюся здавацца – буду перыядычна рабіць ім прапановы зноў і зноў, пакуль не згадзяцца.


Віншуйце па-беларуску!

А тым часам рыхтую новую партыю паштовак, якую вось-вось аддам у друкарню. Планую паступова павялічваць асартымент, каб кожны чалавек мог знайсці патрэбную яму паштоўку па-беларуску.



Перейти на сайт