UDF

Новости

Нямігу затапіла: на праезжай частцы вады па пояс (фота)

"Наша Ніва"
24.07.2009
Зараз падчас моцнай залевы зноў заліло вуліцу Няміга ў Мінску.

На тратуарах вады па калена, на праезжай частцы - па пояс. Пад мастом на праспекце Пераможцаў спынілася маршрутка, што ехала з мікрараёна Сухарава. Узровень вады ў ёй сягае вокнаў.

Супрацоўнікі МНС вызваляюць людзей з машыны, выносячы дзяўчат і дзяцей на руках.

Спыніліся таксама тралейбусы, з двух тралейбусаў таксама ідзе эвакуацыя.

Супрацоўнікі Міністэрства па надзвычайных сітуацыях ратуюць людзей на спецыяльных плытах. Некалькім пенсіянерам стала кепска.

Вялікагрузныя машыны, што едуць Нямігай, падымаюць велізарныя водныя хвалі.

Дождж, што часам пераходзіць у залеву, працягваецца. У Барысаве па стане на 15:28 свеціць сонца.

Нагадаем, што ўчора моцная залева прывяла да магутнага затаплення Нямігі.

Паводле прагнозу Белгідрамета, у суботу па краіне будзе воблачна з праясненнямі. Ноччу па ўсходняй палове дажджы, навальніцы, у асобных раёнах моцныя ліўні.

Днём на большай частцы тэрыторыі краіны кароткачасовыя дажджы, па поўдні месцамі моцныя дажджы. У асобных раёнах навальніцы. Вецер заходні 4—9 м/с, пры навальніцах месцамі парывы да 15—20 м/с. Тэмпература паветра ноччу плюс 15—21°C, днём плюс 19—25°C, па Гомельскай вобласці да плюс 29°C.



Перейти на сайт