UDF

Новости

Рыбак: Кожны народ мае сваю культуру. Без культуры няма нацыі - аўдыё

Спявак з Нарвегіі беларускага паходжання, які набыў сусветную вядомасць пасля перамогі на конкурсе "Еўрабачанне-2009" запісаў для праекту "Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2" беларускую версію свайго гіта "Europe's Skies". У беларускай інтэрпрэтацыі Глеба Лабадзенкі яна атрымала назву "Небасхіл Еўропы". Аляксандр Рыбак шкадуе, што не вывучыў дасканала сваю родную мову і выказаў спадзеў, што яго спевам натхніцца новае пакаленне беларускіх дзяцей.

Перспектыву запісаць песню па-беларуску Аляксандр Рыбак адразу знайшоў прывабнай. Сам дасканала мовы ён не ведае – яго сям’я пераехала з Мінска ў Осла, калі Сашы было пяць год. Таму карыстаецца ў асноўным нарвежскай ды англійскай, на размоўным узроўні валодае рускай. Для першых сваіх канцэртаў у Беларусі пасля перамогі на конкурсе "Еўрабачанне-2009" ён развучыў разам з маці "Купалінку". Упадабаў і пераклад Fairytale Сержука Сокалава-Воюша, зроблены ў межах конкурсу, што абвясціла "Радыё Свабода". Але для праекту "Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2" ён захацеў выканаць іншы свой гіт – "Europe's Skies": "Я заўсёды любіў сваю краіну, толькі што не меў часу, каб вывучыць нашу прыгожую мову, бо выправіўся ў Нарвегію яшчэ маленькім. Спадзяюся, што новае пакаленне беларускіх дзяцей натхніцца маім спевам па-беларуску".

"Europe's Skies" у беларускай інтэрпрэтацыі мае назву "Небасхіл Еўропы". Узяўся перакласці яе паэт Глеб Лабадзенка. "Аляксандр крануў мяне яшчэ сваім выкананнем "Купалінкі" ў Мінску па-беларуску. Што казаць – бліскучым выкананнем! І таму калі выпала магчымасць перакласьці для яго "Небасхіл", я ўспрыняў гэта з натхненнем. Бо ўкласці беларускую мову ў вусны такога папулярнага выканаўцы – пачэсная справа. Не бяруся ацэньваць уласную працу, але запісаную песню слухаю з прыемнасцю. Жывучы ў Нарвегіі, Аляксандр спявае па-беларуску абсалютна без акцэнта і вельмі шчыра", - кажа перакладчык.

"Паэтычная праца Лабадзенкі мне прыйшлася да спадобы. "Небасхіл" — вельмі цудоўнае слова, асабліва калі згадваеш маляўнічую прыроду Беларусі", - зазначае Аляксандр. Непасрэдны ўдзел у працы над беларускай версіяй ўзяла яго маці – Наталля Валянцінаўна Рыбак. Яна тлумачыла Сашы не да канца зразумелыя словы, сачыла за слушным вымаўленнем падчас працы ў студыі. "Не забылася яшчэ на беларускую, хоць за ўвесь час, як мы жылі ў Нарвегіі, не давялося паразмаўляць на нашай цудоўнай мове", - прызнаецца Наталля Рыбак.

Спявак намагаецца сачыць за тым, што адбываецца на яго Радзіме, наколькі гэта магчыма. Не прапускае дзіцячы конкурс "Еўрабачання", на якім паспяхова выступаюць беларускія выканаўцы. "Досыць няпроста cачыць за ўсім, што адбываецца ў Беларусі, калі жывеш у Нарвегіі. Не магу пахваліцца сваімі вялікімі ведамі пра беларускую культуру, хоць заўжды дзіўлюся, якая ў Беларусі прыгожая архітэктура. У Мінску і Віцебску вельмі эстэтычна!". Рыбак выказаў сціслае, але ёмкае пажаданне да тых беларусаў, якія яшчэ не саспелі да той думкі, што ў сваёй краіне варта размаўляць на сваёй мове: "Кожны народ мае сваю культуру. Без культуры няма нацыі".

Песню "Небасхіл Еўропы", запісаную для праекту "Будзьма! Тузін.Перазагрузка-2", Аляксандр Рыбак мяркуе ўключыць і ў беларускае выданне свайго другога студыйнага альбому, выхад якога запланаваны на восень. І пэўна, гэта не апошняя песня па-беларуску ад славутага нарвежскага беларуса.

Аляксандр Рыбак – "Небасхіл Еўропы" (муз. Аляксандр Рыбак, сл. Аляксандр Рыбак, Томас Варнэс , бел.тэкст – Глеб Лабадзенка)



Перейти на сайт