UDF

Новости

Cмяецца той, хто смяецца апошнім

Рыгор Кастусёў, для UDF.BY
01.05.2013
19 красавіка А.Лукашэнка выступіў з чарговым пасланнем беларускаму народу і Нацыянальнаму сходу. Большая частка прамовы была прысвечана патрэбам мадэрнізацыі эканомікі.

Як і ў папярэднія гады, Лукашэнка зноў паімкнуўся выліць цэбар бруду на сваіх апанентаў: "По вопросу модернизации сегодня в прессе много ненужного ерничанья.Наши оппоненты заявляют, что власти прибегли к новому предвыборному лозунгу. И, мол, все ограничится пустыми разговорами. Они приходят к странному выводу: якобы потенциал роста конкурентоспособности белорусской продукции исчерпан и в абсолютном выражении идет деградация нашей экономики. Поэтому, мол, нужно не модернизировать ее, а просто выбросить и принять кардинально иную модель… … Опять новых идей у наших оппонентов, открытых или закрытых врагов, у "пятой колонны" нет..."

І як доказ "паспяховасці" існуючай мадэлі беларускай эканомікі - Лукашэнка прывёў шэраг прыкладаў, дзе, па яго меркаванні, ёсць канкрэтныя дасягненні. Асабліва ён падкрэсліў, што мадэрнізацыя ў краіне распачалася даўно, і за апошнія дзве пяцігодкі толькі ў Праграму адраджэння сяла па ходу гэтай мадэрнізацыі інвеставана 40 мільярдаў долараў (!).

Праграма мадэрнізацыі дрэваперапрацоўкі павінна завяршыцца да 7 лістапада 2013 года, і, менавіта, з гэтага часу галіна пачне працаваць з добрымі прыбыткамі.

Асаблівая ўвага ў пасланні была нададзена энэргетыцы нашай краіны, куды за апошнія 5-6 год укладзена 7 міліярдаў долараў (!).

Прыпыніўся Лукашэнка і на шматлікіх фактах неэфектыўнага расходавання сродкаў, кепскай прапрацоўцы праектаў мадэрнізацыі, пастаўцы няякаснага, часа - кантрафактнага абсталявання. Як, напрыклад, пры мадэрнізацыі Бярозаўскай ГРЭС у 2008-2011 гадах, калі ў невядомым накірунку зніклі 20 міліёнаў еўра (!). Або як у "Белпаліўгазе" разбазарылі каля 54 мільярды рублёў (!) інавацыйнага фонду Міністэрства энэргетыкі.

Але ж Аляксандр Рыгоравіч не пажадаў адзначыць, што падобная карціна ў сферы беларускай энэргетыкі паўтараецца з году ў год, з пяцігодкі ў пяцігодку. Так было ў 2001 – 2005 гадах. Так было і ў 2006-2010 гадах, калі на выкананне мерапрыемстваў па павышэнню энэргаэфектыўнасці і павышэння энэргабяспекі краіны Рэспубліканскай праграмай мадэрнізацыі было прадугледжана на гэтыя гады фінансаванне больш 5 міліярдаў долараў. Сродкі патрачаны, але эфектыўнасці не атрымалася.

Пра якую мадэрнізацыю можа ісці гаворка, калі беларускія навуковыя распрацоўкі пачатку 2000-х гадоў ў межах Рэспубліканскай праграмы па энэргазберажэнні сваім ўзроўнем адпавядаюць абсталяванню пачатку 20-га стагоддзя, і іх можна параўнаць з паравозамі тых часоў. Як, напрыклад, распрацаваныя Навуковым вытворчым прадпрыемствам "Белкатламаш" (Бешанковічы) катлы тыпу КВР-0,5-95, з каэфіцыэнтам карыснага дзеяння менш 50%. Пры гэтым, згодна пашпартных дадзеных, па заключэнні НВП, яны павінны мець ККД не менш 83%. І такім абсталяваннем за кошт сродкаў праграмы па энэргазберажэнні напічканы сотні беларускіх прадпрыемстваў.

Яшчэ амаль 2 гады таму назад, 13 мая 2011 года, пры наведванні ў Бешанковічах НВП "Белкатламаш", А.Лукашэнка выказваўся аб неабходнасці стварэння ў краіне эфектыўнай сістэмы выкарыстання аб’ектаў малай энэргетыкі, арыентаванай на мясцовыя віды паліва. Чыноўнікі рознага ўзроўню завяралі яго і агучвалі амбіцыйныя задачы перад сабой – у рамках мадэрнізацыі выйсці к 2013 году на долю мясцовых відаў паліва ў балансе прадпрыемстваў ЖКГ да 75%, што павінна было прывесці да значнага памяншэння сабекошту цеплаэнэргіі. 2013 год ужо на двары, а сабекошт цеплаэнэргіі і яе кошт для насельніцтва за гэтыя два гады толькі ўзрос…

Слухаючы падобныя рэляцыі кіраўніка краіны аб "чарговых дасягненнях", дзе фігуруюць лічбы са шматлікімі нулямі неэфектыўна патрачаных і скрадзеных народных грошаў, на тварах прысутных у зале слухачоў павінна была з’явіцца хаця бы заклапочанасць. А яны – "народныя абраннікі" і "слугі народу" - сядзелі і ўсміхаліся ў такт выступоўцу. Ім было весела.

А весяліцца ім ёсць ад чаго. Бо паток народных грошаў у сферу розных галін вытворчасці пад выглядам мадэрнізацыі, які льецца праз іх рукі ўжо больш паўтара дзесятка год, пакуль што не аскуднее. І мадэрнізацыя зноўку будзе праводзіцца па іх сцэнару, а не згодна прапаноў апанентаў (апазіцыі, ворагаў народа, пятай калоны, як яны называюць). А ў такім выпадку, штосці з гэтага патоку, глядзіш, і не праскочыць між пальцамі, або прыліпне да далоняў. І зноўку за правалы ў мадэрнізацыі, як ужо ў каторы раз, вінаватымі будуць Расія, Еўропа, ЗША і, канешне, унутраная "пятая калона" – прадстаўнікі дэмакратычнай супольнасці краіны.



Перейти на сайт