Сваякі Бандарэнкі не выключаюць, што яго трымаюць ў карцэры

Радыё Свабода
20 декабря 2009, 11:59
Як паўплывала на сітуацыю з Андрэем Бандарэнкам адмена прысуду прадпрымальніку? Тэрмін вывучэння справы Аўтуховіча і Асіпенкі сканчаецца праз тыдзень. Чаму ў калоніі не дазваляюць дадаткова апранацца Арцёму Дубскаму?

15 снежня Мінскі гарадскі суд адмяніў прысуд актывісту АГП Андрэю Бандарэнку. Нагадаю, ў кастрычніку Першамайскі суд Мінска асудзіў прадпрымальніка на 7 гадоў нібыта за крадзеж маёмасці фірмы. У канцы лістапада, не чакаючы разгляду скаргі Бандарэнкі на прысуд, з мінскага следчага ізалятара яго адправілі для адбыцця пакарання ў Бабруйскую калонію. Там Андрэй Бандарэнка адмовіўся падпісаць дакумент, што прызнае сябе вінаватым і абавязваецца "стаць на шлях выпраўлення" і за гэта быў пакараны карцэрам.

"Паводле закону майго падабароннага мусяць перавесці ў мінскі следчы ізалятар, бо да новага разгляду справы судом ён зноў лічыцца не вінаватым, а толькі абвінавачаным", - мяркуе адвакат Зміцер Лаеўскі.

18 снежня я патэлефанаваў сястры прадпрымальніка Ірыне Бандарэнка: ці ёсць звесткі, што Андрэя перавялі ў мінскі следчы ізалятар?

"Наколькі нам вядома, яго не толькі не перавялі ў мінскі следчы ізалятар, але і пакінулі ў карцэры Бабруйскай калоніі, прычым ён сядзіць ў адзіночцы”, - паведаміла Ірына Бандарэнка.

Сястра прадпрымальніка не выключае, што яе брату нават не паведамілі пра рашэнне мінскага гарадскога суда адмяніць ранейшы прысуд і адправіць справу на новы разгляд.

Прадпрымальнік з Ваўкавыска Мікалай Аўтуховіч заканчвае вывучаць матэрыялы справы аб падрыхтоўцы да тэрарыстычнага акту, у чым яго абвінавачваюць разам з былым вайскоўцам Уладзімірам Асіпенкам. Адвакат Павел Сапелка кажа, што засталося літаральна некалькі дакументаў, акрамя таго і час на азнаямленне амаль скончыўся.

"Мы і без таго мусім закончыць, бо тэрмін азнаямлення абмежаваны 25-ым чыслом".

Каментаваць матэрыялы справы адвакат адмовіўся. Павел Сапелка нагадаў, што 7-га студзеня ў Мікалая Аўтуховіча – дзень народзінаў. Адвакат прапануе людзям, якія падтрымліваюць Аўтуховіча, дасылаць яму ў мінскі следчы ізалятар віншаванні. Пра здароўе Мікалая Аўтуховіча Павел Сапелка сказаў:

"Усё нядрэнна, акрамя зубоў. Гэта становіцца ўсё большай праблемай, якую ў следчым ізалятары вырашыць немагчыма".

Паводле звестак, завяршае азнаямленне са сваёй справай і Уладзімір Асіпенка.

На гэтым тыдні маці актывіста Арцёма Дубскага Алена наведала сына ў магілёўскай калоніі, у іх было доўгатэрміновае спатканне. Акрамя станоўчых успамінаў пра спатканне ёсць і вельмі трывожнае – Алена высветліла, што нават ў цяперашнія маразы яе сыну адміністрацыя не дазваляе апранаць дадатковую вопратку, што робяць іншыя асуджаныя.

"Я сама бачыла ў гэтым турэмным гатэлі, як апранутыя іншыя вязні. Фактычна як на гражданцы, нават на ўсіх звычайныя курткі".

Паводле маці, у Арцёма Дубскага ў калоніі ёсьць дадатковая вопратка, але апранаць яе не дазваляюць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Сваякі Бандарэнкі не выключаюць, што яго трымаюць ў карцэры