UDF

Новости

Зянон Пазьняк называе прозвішчы агентаў КДБ у апазіцыі

"МЫ"
15.12.2009
Лідэр КХП-БНФ працягвае выкрываць агентаў Масквы і КДБ у беларускай апазіцыі. І калі раней Зянон Пазьняк казаў пра гэта агулам, то цяпер пачаў называць прозвішчы. Такія выкрыцціі прагучалі ў ягоным завочным выступе на апошнім Сойме партыі.

"Перамены, якія адбываюцца ў расстаноўцы рэжымных сілаў пасля ўтварэння "Усходняга партнёрства", паказваюць, што па структурнай арганізацыі, кадравым размеркаванні і дзеяннях гэтая палітыка робіцца ўсё больш безадноснай, адасобленай ад нацыянальных інтарэсаў Беларусі і ад рэальнага змагання з рэжымам увогуле", - лічыць Пазьняк.

На ягоную думку, у апазіцыі адбылая "замена кадраў падстаўных, кіруемых і лаяльных на непасрэдных функцыянераў КДБ".

Паводле Пазьняка, "перастаноўкі адбыліся амаль ва ўсіх грамадскіх і палітычных арганізацыях. Канчаткова захоплена "Бацькаўшчына". Прытым такія масцітыя беларускія інтэлігенты, такія важныя акадэмікі, мастакі, дзеячы культуры пры сваёй поўнай няздольнасці да грамадскай арганізацыйнай працы нават, выглядае, незразумелі, што насамрэч адбылося. Яны, бачыце, палітыкай не займаюцца. Таму пара дзяўчынак-канторшчыц іх усіх элегантна пастроіла, узначаліла і пакінула задаволенымі сваёй безадказнасцю".

Тут, па ўсім, Пазьняк кажа пра старшыню "Бацькаўшчыны" Алену Макоўскую і старшыню Рады арганізацыі Ніну Шыдлоўскую.

Але, па словах лідэра КХП-БНФ, "калі ў грамадскім сектары гэбоўская рэарганізацыя суправаджалася інфантыльнай камедыяй, то ў палітычнай опцыі ўсё выглядала тупым фарсам".

"Асабліва паказальным атрымаўся "прагматычны" канец "новай хвалі", якую ўзначаліў кадравы маладзён – Янукевіч. Нядаўна група кіраўніцтва нашай Партыі (КХП-БНФ) выпадкова "застукала" гэтага хлапца ў час кантакту яго з функцыянерамі спецслужбаў. Вось гэта быў пасаж! Словам, здрабнела гэб’ё, ужо ні вушы, ні рогі схаваць не можа. Зрэшты, неабмежаваная ўлада, абсалютная ўседазволенасць і беспакаранасць уплывае на паводзіны гэтай "спец-публікі". Некаторыя з іх ужо не надта і хаваюцца. (Можа яны паверылі, што рэжым будзе вечны?)", - заяўляе Зянон Пазьняк.

"МЫ" звярнуліся па каментар да "кадравага маладзёна" Аляксея Янукевіча, старшыні Партыі БНФ. Ці агент ён КДБ?

"Гэта поўны маразм і параноя.КХП-БНФ ніколі не адрознівалася здаровым сэнсам што да падазрэнняў, але цяпер маразм прагрэсуе.. Я вельмі паважаю Зянона Пазняка, але ён губляе свой аўтарытэт, бо абапіраецца на інсінуацыі сваіх намеснікаў у Мінску. Такіх, як Юрась Беленькі. Што да "застукалі", то, відаць, гаворка вядзецца пра інтэрпрэтацыю выпадку падчас акцыі на "Дзяды". Тады да мяне і да яшчэ двух сябраў Сойму нашай партыі падышоў АМАПавец і загадаў згарнуць бел-чырвона-белы сцяг. Тут за-за спіны з’явіўся Беленькі і закрычаў: "Ага, запалілі!", - распавёў Янукевіч.

Апошнім часам Партыя БНФ заяўляе пра жаданне весці перамовы з КХП-БНФ. Але такія заявы Зянона Пазьняка можна лічыць завочнай адмовай.

“Я ўсё ж хацеў бы асабіста сустрэцца і перамовіцца з Зянонам Пазьняком, хаця, канешне, шанцы на нейкае аб’яднанне і паразуменне пасля такіх ягоных заяваў невялікія”, - сказаў у інтэрв’ю “МЫ” Аляксей Янукевіч.



Перейти на сайт