UDF

Новости

СМІ будуць плаціць дзяржустановам за інфармацыю?

БАЖ
24.11.2009
Галоўнае статыстычнае ўпраўленне Брэсцкай вобласці паведаміла недзяржаўнай баранавіцкай газеце "Intex-press", што надалей інфармацыю выданню будзе прадаваць.

Рэдакцыя "ІР" накіравала ва ўпраўленне статыстыкі пісьмовы запыт аб індэксах коштаў на харчовыя тавары, а таксама грашовых выдатках у хатніх гаспадарках па Брэсцкай вобласці.

У адказе за подпісам першага намесніка начальніка галоўнага статыстычнага ўпраўлення А. Хандошкі ад 18 лістапада рэдакцыі былі прадстаўленыя звесткі пра кошты на харчовыя тавары. Звесткамі пра грашовыя выдаткі хатніх гаспадарак па Брэсцкай вобласці за студзень-кастрычнік 2009 года статыстычнае ўпраўленне не валодае.

Але самым цікавым у лісце было папярэджанне пра тое, што "ў далейшым атрыманне статыстычнай інфармацыі па запытах, якая патрабуе дадатковай падрыхтоўкі, будзе ажыццяўляцца на платнай аснове".

"Гэта абсалютна нечаканая прапанова рэдакцыі ад дзяржаўнай установы — купляць інфармацыю, — зазначала ў гутарцы са службай маніторынгу БАЖ юрысконсульт ТАА "Выдавецкі дом "Інтэкс-прэс" Алена Шостак. — Мы лічым яго перашкодай у ажыццяўленні законнай журналісцкай дзейнасці".

Так, па словах А. Шостак, у адпаведнасці з арт. 36 Закона Рэспублікі Беларусь "Аб сродках масавай інфармацыі" фізічным асобам, гэта значыць чытачам газеты, гарантуецца права на атрыманне, захоўванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, у тым ліку і эканамічнай. Акрамя таго, грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права бесперашкодна атрымліваць інфармацыю пры дапамозе друкаваных СМІ і самастойна вызначаюць крыніцу інфармацыі, якая іх цікавіць. Гэта рэгулюецца п.12 арт. 2 Грамадзянскага кодэкса Рэспублікі Беларусь. Прычым нідзе не значыцца, што гэтая крыніца інфармацыі павінна быць абавязкова плацёжаздольнай.

"На наш погляд, платнае прадастаўленне інфармацыі, якая цікавіць грамадзян Рэспублікі Беларусь, — у прыватнасці, чытачоў нашай газеты — гэта абмежаванне свабоды масавай інфармацыі. Такім чынам ствараюцца перашкоды з боку дзяржаўных органаў у законнай дзейнасці рэдакцыі СМІ. Парушаюцца правы журналіста збіраць, запытваць, атрымліваць інфармацыю з дзяржаўных органаў і распаўсюджваць яе, што ў адпаведнасці з арт. 7 Закона "Аб сродках масавай інфармацыі" недапушчальна."

Па словах Алены Шостак, рэдакцыя "Intex-press" рыхтуе скаргу ў Нацыянальны статыстычны камітэт Рэспублікі Беларусь.



Перейти на сайт