Эканомія дырэктара давяла да трагедыі

regionby.org
9 октября 2009, 11:11
У выніку няшчаснага здарэння супрацоўнік прадпрыемства ААТ "Магілёўхлебапрадукт" атрымаў шматлікія траўмы абедзвюх рук і пальцаў.

Трагедыя на ААТ "Магілёўхлебапрадукт" адбылася ў ноч з 3 на 4 кастрычніка. Рабочы прадпрыемства выконваў сваю звычайную працу і ягоныя рукі аказаліся зацягнутыя ў механізмы. У выніку – шматлікія траўмы рук. Па папярэдніх звестках, мужчына страціў працаздольнасць і застанецца інвалідам. Зараз ён знаходзіцца ў гарадскім шпіталі.

Аб выпадку ведаюць і кіраўнікі, і супрацоўнікі. Але аб сапраўдных прычынах гэтай трагедыі разважаюць бадай што толькі апошнія. Справа ў тым, што на гэтым прадпрыемстве не створана амаль ніякіх годных умоў для працы, і, як сцвярджаюць самі супрацоўнікі, працаваць без штодзённага парушэння тэхнікі бяспекі проста немагчыма. Абсталяванне настолькі старое, што не вытрымлівае звычайных працоўных нагрузак. Вось рабочым і прыходзіцца штодзень "улазіць" у тэхналагічны працэс і дапамагаць абсталяванню ўручную.

Дарэчы, першую медыцынскую дапамогу пацярпеламу аказаць не змаглі – аптэчкі са стэрыльнымі бінтамі на заводзе не выдаюцца. А медпункта даўно ўжо няма – пасля свайго прыходу яго зачыніў генеральны дырэктар таварыства сп.Іваноў з мэтай эканоміі сродак.

Яшчэ адной абставінай няшчаснага здарэння сталася адсутнасць асвятлення працоўнага памяшкання. Чаму рабочыя павінны працаваць у паўцемры, расказвае супрацоўнік прадпрыемства.

– На адной з нарад узнялі пытанне пра закупку лямпачак для асвятлення, на што генеральны дырэктар адказаў: "Каму цёмна – няхай той і набывае лямпачкі за свой кошт". Такім чынам ён збіраўся сэканоміць і электрычнасць, і грошы. І вось да чаго гэта прывяло.

Ці трэба казаць, што адразу пасля здарэння ў цэху з’явілася і добрае асвятленне, і больш-менш абсталяваныя ўмовы працы, падобныя да тых, што патрабуе тэхніка бяспекі. Але рабочыя астатніх цэхаў і далей вымушаны працаваць, штодзённа рызыкуючы застацца інвалідамі. Як прадпрыемства праходзіць рэгулярныя праверкі тэхнікі бяспекі – застаецца толькі здагадвацца. Ці ўлічыць следства, што парушэнне тэхнікі бяспекі на гэтым таварыстве – справа вымушаная, без якой абсталяванне будзе прастойваць? Ці адкажа генеральны дырэктар Іваноў за свае свавольствы, што прыводзяць да траўмавання? Пачакаем, час пакажа.

– Праблема яшчэ і ў тым, – абураецца адзін з супрацоўнікаў, – што праверкі толькі ўводзяць забароны па тэхніцы бяспекі, але кіраўніцтва не ўкладае ні капейкі ў стварэнне годных умоў працы. Праз пэўны час забароны здымаюцца, і працоўныя зноў пачынаюць падвяргаць сваё здароўе небяспецы. Таму на звычайныя праверкі надзеі няма. На пабудову бяспечных умоў трэба грошы, а дырэктар на гэтым страшна эканоміць.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Дорогие читатели, не имея ресурсов на модерацию и учитывая нюансы белорусского законодательства, мы решили отключить комментарии. Но присоединяйтесь к обсуждениям в наших сообществах в соцсетях! Мы есть на Facebook, «ВКонтакте», Twitter и Одноклассники
•   UDFНовостиГлавные новости ❯ Эканомія дырэктара давяла да трагедыі