UDF

Новости

Марк Грубер: Мы б хацелі ацаніць сітуацыю аб’ектыўна

"БАЖ"
21.09.2009
21 верасня распачалася афіцыйная праграма візіту ў Беларусь міжнароднай журналісцкай місіі. У яе складзе — прадстаўнікі арганізацый, якія займаюцца абаронай правоў журналістаў, свабоды выказвання і развіцця медыяў, у тым ліку МФЖ, Дацкага саюза журналістаў, International Media Support (IMS), UNESCO, Інстытута "Адкрытае грамадства" і іншых.

Сёння раніцай замежныя госці наведалі ГА "Беларуская асацыяцыя журналістаў", падзяліліся планамі на бліжэйшую перспектыву, а таксама задалі шэраг пытанняў кіраўнікам нашай арганізацыі.

Дырэктар еўрапейскага аддзялення МФЖ Марк Грубер: "Асноўная мэта нашай місіі — у святле распачатага дыялогу паміж Беларуссю і Еўразвязам ацаніць сітуацыю са свабодай СМІ. І знутры, і звонку Беларусі паступае шмат супярэчлівай інфармацыі на гэты конт, і мы б хацелі асабіста паразмаўляць з рознымі прадстаўнікамі медыясферы, каб ацаніць становішча аб’ектыўна".

Па словах сп-ра Грубера, місія будзе мець 2 канкрэтныя вынікі. Першы з іх — гэта заява з галоўнымі высновамі, зробленымі дэлегацыяй. Другі вынік — гэта пашыраная справаздача місіі, якая будзе прэзентаваная 16 кастрычніка ў Стакгольме (Швецыя).

Тое, што Швецыя зараз старшынюе ў Еўразвязе, дэлегаты лічаць добрым знакам. "Гэтая краіна сапраўды сур’ёзна займаецца правамі чалавека, — заўважыў прадстаўнік МФЖ. — Пра гэта сведчыць і заява, прынятая Шведскім старшынствам па выніках вулічнай акцыі 16 верасня ў Мінску. Думаю, Швецыя сапраўды здолее ацаніць вынікі нашай місіі і прыняць нейкія палітычныя рашэнні".

Дэлегаты задавалі шмат пытанняў прадстаўнікам БАЖ наконт бягучай сітуацыі са СМІ. У прыватнасці, іх цікавіла, ці меў нейкі канкрэтны вынік семінар "Самарэгуляванне СМІ", які ладзіў офіс АБСЕ ў Мінску. "У першую чаргу гэта быў абмен меркаваннямі. Упершыню за 14 гадоў прадстаўнікі ўладаў пачалі нас выслухоўваць", — выказала меркаванне старшыня БАЖ Жанна Літвіна.

Удзельнікі місіі цікавіліся, як разумеюць ідэю самарэгулявання кіраўнікі БАЖ. "Першым крокам мусіць стаць рэальная рэформа медыясферы, якая будзе ўключаць раздзяржаўленне СМІ. Ніяк не выпадае казаць пра самарэгуляванне ў дзяржаўных медыя", — лічыць спн. Літвіна.

Гасцей таксама цікавілі праблемы з акрэдытацыяй журналістаў замежных СМІ, з распаўсюдам недзяржаўнай прэсы, з доступам да інфармацыі. Асобнай тэмай для абмеркавання з юрыстамі БАЖ стаў закон "Аб супрацьдзеянні экстрэмізму". Замежныя дэлегаты высвятлялі шчыльнасць кантактаў паміж дзвюма журналісцкімі арганізацыямі Беларусі — БАЖ і БСЖ, пыталіся пра паўнамоцтвы і дасягненні Грамадскай каардынацыйнай рады ў сферы СМІ, цікавіліся субардынацыяй розных дзяржаўных служб і арганізацый і г.д. Канкрэтыка і рознабаковасць пытанняў сведчыла пра добрую інфармаванасць удзельнікаў місіі.

Сёння ў праграме дэлегатаў — сустрэчы ў рэдакцыях БелаПАН, "Народнай газеты", у Мінскімі офісе АБСЕ. Заўтра яны сустрэнуцца з рэдактарамі шэрагу друкаваных, вяшчальных і онлайн-медыяў. Папярэднюю згоду на сустрэчу дала першая намесніца кіраўніка Адміністрацыі Прэзідэнта Наталля Пяткевіч.

Запланаваныя сустрэчы ў Міністэрстве інфармацыі і Беларускім саюзе журналістаў. Дэлегаты хацелі б таксама бліжэй пазнаёміцца з працай Нацыянальнай дзяржаўнай тэлерадыёкампаніі, некаторых FM-станцый, а таксама сустрэцца з кіраўнікамі прадпрыемстваў сістэм "Белпошта" і "Саюздрук".



Перейти на сайт